Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураганы на поўначы Эўропы краем закранулі Беларусь


Юры Дракахруст, Прага “Надвор’е звар’яцела”. У Цэнтральнай Эўропе незвычайна цёпла, на поўнач Эўропы абрынуўся абрынуліся жорсткія штормы, якія краем закранулі Беларусь. У Казахстане незвычайныя сьнегапады, Каліфорнія змагаецца са сьнегападамі і паводкай, сьнег выпаў у Саудаўскай Арабіі.

Азіяцкае цунамі, якое забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў, нагадала пра непрадказальнасьць і змрочную моц прыродных катаклізмаў. Менш драматычныя, але ня менш злавесныя прыродныя зьявы адбываюцца і ў іншых рэгіёнах сьвету.

Сьнегапады ў Казахстане адрэзалі сталіцу Астану ад астатняй краіны, рух па усіх дарогах, што вядуць у Астану, спынены. У той жа час у Цэнтральнай Эўропе ўсталявалася незвычайна цёплае надвор’е. У Празе – 13 градусаў цяпла. Такога не было тут 230 гадоў. Паводле ацэнак расейскага гідрамэтцэнтру ў цэлым на плянэце мінулы год быў самым цёплым за тысячу гадоў.

Вясна ўзімку – гэта на першы погляд і няблага, але чэскі эколяг Клара Сутлавічкава нагадвае пра хуткія наступствы.

(Сутлавічкава: ) “Гэта – вялікае бедзтва для флёры і фаўны, а таксама для сельскай гаспадаркі. Калі зямля не атрымлівае дастаткова дажджу і сьнегу зімой, і калі яшчэ ізноў будзе сухое лета, вы можаце ўявіць сабе страты ў сельскай гаспадарцы”.

Агенцтва Інтэрфакс паведамляе, што ў Беларусі з прычыны незвычайна цёплага надвор’я спынілі зімнюю сьпячку мядзьведзі, барсукі і ежы.

А поўнач Эўропы ў мінулыя выходныя прыняла на сябе ўдар ўрагану. Хуткасьць ветру складала да 200 кілямэтраў у гадзіну. Асабліва пацярпелі поўнач Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны. У Швэцыі загінулі 11 чалавек. Швэцыя была вымушаная спыніць працу двух атамных электрастанцыяў, пакінуўшы без электрычнасьці дзесяткі тысячаў людзей.

Гэты ж ураган, зачапіўшы крылом і Беларусь, нанёс вялікую шкоду гаспадарцы краіны. Хуткасьць ветру дасягала 30 мэтраў на сэкунду. Параненая адна жанчына – на жыхарку вёскі Берасьнёўка Докшыцкага раёну ўпала галінка дрэва. У Віцебскай вобласьці загінулі два электраманцёры.

Усяго паводле дадзеных міністэрства надзвычайных сытуацыяў у нядзелю ў выніку ўраганнага ветру засталіся без электрычнасьці больш за тысячу населеных пунктаў, пашкоджаны 150 кілямэтраў лініяў электраперадачы, дзесяткі дамоў, у вёсцы Кардон Шумілінскага раёну абвалілася сьцяна і частка даху ў школе. На шчасьце, ніхто не пацярпеў.

Існуюць розныя тлумачэньні гэтага звар’яцелага надвор’я. Аднак самае папулярнае тлумачыць гэта глябальным пацяпленьнем, якое ёсьць вынікам велізарных выкідаў у атмасфэру адкідаў вытворчасьці. Паводле экспэртаў цяперашнія зьявы – ураганы і цёплыя зімы цалкам адпавядаюць прагнозу, які робяць тэорыя глябальнага пацяпленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG