Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыйная выснова мэдыкаў – абібокі жывуць даўжэй


Сяргей Абламейка, Прага Мэдычная перадача “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. Сёньня пра сэнсацыю. Нямецкія навукоўцы сьцьвярджаюць, што вясёлыя гультаі жывуць даўжэй.

Зь Нямеччыны прыйшла навіна, якую даўно чакалі усе гультаі: нямецкія мэдыкі прыйшлі да высновы, што вялікія фізычныя практыкаваньні шкодныя для людзей, і што чым менш вы займаецеся спортам, тым даўжэй пражывяце.

Гэтак сьцьвярджаецца ў новай кнізе пад назвай “Радасьць ляноты: як запавольвацца і жыць даўжэй”. Яе аўтары, прафэсар мэдыцыны Пітэр Акст і яго дачка, тэрапэўтка Міхаэла Акст-Гадэрман, сьцьвярджаюць, што кожны чалавек мае абмежаваную колькасьць “энэргіі жыцьця”, і хуткасьць, зь якой гэтая энэргія траціцца, і вызначае працягласьць жыцьця чалавека.

Аўтары новай кнігі сьцьвярджаюць, што аднастайныя мэханічныя практыкаваньні фітнэсу або гімнастыкі паскараюць працэс старэньня і робяць цела значна больш успрымальным да хваробаў. “Больш мяккі лад жыцьця вельмі важны для здароўя чалавека, – сказала доктарка Акст-Гадэрман, – калі вы жывяце напружана і трэніруецеся празьмерна, ваша цела пачынае выдзяляць гармоны, якія выклікаюць высокі крывяны ціск і могуць пашкодзіць сэрца і судзіны”.

Доктарка Акст-Гадэрман сказала таксама, што было знойдзена і ключавое адрозьненьне лянівых людзей ад тых, хто шмат трэніруецца. Аказваецца целы спартовых людзей вытвараюць нашмат болей свабодных радыкалаў – або непастаянных малекулаў кіслароду, якія, як думаюць мэдыкі, паскараюць працэс старэньня.

Аўтарка кнігі дадала, што лянота таксама вельмі важная для здароўя імуннай сыстэмы, таму што спэцыяльныя імунныя клеткі нашмат больш моцныя падчас расслабленьня, чым падчас фізычнага напружаньня. Падчас адпачынку абмен рэчываў у арганізьме менш актыўны, а гэта азначае і меншае выдзяленьне свабодных радыкалаў. Калі ж чалавек трэніруецца шмат і гэтым выклікае ў арганізьме стрэс, тады свабодных радыкалаў выпрацоўваецца больш, і, адпаведна, скарачаецца працягласьць жыцьця.

37-гадовая доктарка Акст-Гадэрман і яе 65-гадовы бацька-прафэсар, якія абодва ў мінулым былі бегунамі на далёкія дыстанцыі, кажуць, што сьмех значна больш карысны для здароўя чалавека, чым спорт.

“Калі вы сьмеяцеся, – кажуць аўтары новай кнігі, – ваша цела выпрацоўвае гармон сератанін, які прымушае чалавека адчуваць сябе шчасьлівым і расслабленым”. Сьмех выклікае кароткачасовае падвышэньне крывянога ціску і пачашчэньне пульсу без актывацыі мэтабалізму і выпрацоўкі свабодных радыкалаў, якія зьядаюць энэргію жыцьця. Фактычна, сьмех – гэта добрая спартовая трэніроўка без адмоўных пабочных эфэктаў.

Яшчэ адна выснова аўтараў кнігі заключаецца ў тым, што лянота вельмі карысная для мозга. Аўтары новай кнігі сьцьвярджаюць, што фізычная нагрузка і стрэс прымушаюць цела больш выдзяляць гармону картызол, які здольны пашкодзіць клеткі мозгу, прыводзіць да стратаў памяці і дачаснага старэньня.

Многія мэдычныя установы і іх супрацоўнікі выказалі сумненьне ў высновах кнігі “Радасьць ляноты: як запавольвацца і жыць даўжэй”.

Віўен Натансон, кіраўнічка навуковай камісіі Брытанскай мэдычнай асацыяцыі, заявіла што нельга адмаўляцца ад памяркоўнай фізычнай нагрузкі на карысьць бязьдзеяньня. “Гэта вельмі спакусьлівая тэорыя – сказала доктарка Натансон – але я не магу згадзіцца з тым, што людзі маюць абмежаваную колькасьць энэргіі ў працягу свайго жыцьця, і што фізычная нагрузка – гэта кепска”. Гэта факт, даказаны адназначна, што фізычныя практыкаваньні паніжаюць крывяны ціск, паляпшаюць мэтабалічны статус арганізма і уносяць свой уклад у больш доўгае жыцьцё.

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Realage.

1. Каб прынесьці вялікую карысьць сваім судзінам, аб’яднайце ў сьняданку апэльсінавы сок і аўсянку. Найноўшыя дасьледаваньні паказваюць, што фэналітычныя злучэньні ў аўсянай крупе і вітамін С найболей перашкаджаюць утварэньню халестэрынных бляшак у судзінах. Мэдыкі раяць дадаваць у аўсянку любую садавіну і гародніну, багатыя на вітамін С. Да ліку такіх належаць цытрусавыя плады, а таксама суніцы, клубніцы, дыня і іншыя. Можна піць з аўсянкай і апэльсінавы сок. У выніку вашыя артэрыі будуць нашмат больш здаровыя. Realage нагадвае, што атрыманьне 1200 міліграмаў вітаміну С у дзень зь ежай або праз харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны узрост на 1 год маладзейшым.

2. Калі ў гэтым месяцы вы зьбіраецеся ляцець некуды самалётам, адмоўцеся ў паветры піць напоі зь лёдам. Лёд робяць са звычайнай вады з-пад крану. Нядаўна ў Злучаных Штатах Амэрыкі інспэкцыя Агенцтва навакольнага асяродзьдзя праверыла якасьць такой вады на самалётах і знайшла, што як найменей 12 працэнтаў не адпавядалі стандартам чысьціні. Мяркуецца, што такія самыя суадносіны і ў іншых краінах цывілізаванага сьвету. Лепш піць на самалётах ваду, разьлітую ў плястыкавыя бутэлькі. Realage сьцьвярджае, што актыўная абарона імуннай сыстэмы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны узрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Недаацэнка сну можа дадаць вам лішнія кіляграмы. Нядаўна мэдыкі правялі экспэрымэнт і пераканаліся, што недасыпаньне паніжае ў крыві чалавека узровень лептыну. Менавіта гэтае рэчыва падаўляе ў чалавека апэтыт. Недасыпаньне, такім чынам, здольнае прывесьці да атлусьценьня. Каб трымаць узровень лептыну на належным узроўні, трэба спаць ня менш за 6-8 гадзін у дзень. Паводле Realage, калі вы будзеце спаць 6-8 гадзінаў кожны дзень, ваш рэальны біялягічны узрост будзе на 3 гады маладзейшы.
XS
SM
MD
LG