Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За графіці затрыманы актывіст руху “Зубр”


Любоў Лунёва, Менск Актывіст моладзевага руху “Зубр” Мікіта Сасім застаецца за кратамі ізалятару часовага ўтрыманьня. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нанёс шкоду дзяржаве надпісамі “Свабоду Марынічу!” на некаторых будынках у цэнтры Менску. За апошнія пяць гадоў гэта чацьвертая справа за палітычныя графіці ў Менску.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Мікіту Сасіма ўначы 8 студзеня. Справу вядуць сьледчыя ўпраўленьня ўнутраных справаў Ленінскага раёну Менску. Калі сьледзтва знойдзе доказы датычнасьці Мікіты да нанясеньня надпісаў, то яго да суду адпусьцяць пад падпіску аб нявыезьдзе, альбо накіруюць у сьледчы ізалятар. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам пытаньне павінна вырашыцца не пазьней як уначы 11 студзеня.

Мікіта Сасім стаў восьмым абвінавачаным за палітычныя графіці. У 1998 годзе на 18 месяцаў пакаралі пазбаўленьнем волі студэнта журфаку БДУ Аляксея Шыдлоўскага і на год умоўна — школьніка Вадзіма Лабковіча за антыпрэзыдэнцкія надпісы ў Стоўпцах.

У 2001 годзе за надпісы: “Зубр” на будынку Партызанскага выканкаму пакаралі штрафамі Аляксея Шыдлоўскага, Сяргея Коктыша, Аляксандра Ермакова і Анатоля Алізара.

Летась супраць актывістаў “Зубру” Кацярыны Клімко і Максіма Громава распачалі крымінальную справу за надпісы “Свабоду Марынічу!” на прыпынках аўтобусаў па праспэкце Францішка Скарыны. Іх абвінавачвалі ў нанясеньні надпісаў цынічнага зьместу. Але потым сьледзтва пагадзілася з адвакатам, што заклік “Свабоду Марынічу!” не зьяўляецца цынічным і справу спынілі.

Аляксей Шыдлоўскі лічыць, што справу Мікіту Сасіма давядуць да суду:

(Шыдлоўскі: ) “Сукамэрнікі і ахова ставіліся да маёй справы як да палітычнай. Да нас з Вадзімам Лабковічам ставіліся як да “палітычных”, бо ўсе разумелі, што гэта за справа. Тое ж тычыцца і справы Мікіты Сасіма, бо ягоныя “пасадкі” за ўлёткі маюць палітычнае адценьне. Хутчэй за ўсё, быў нейкі загад зьверху. Тым больш, што Мікіта атрымаў прэмію “Хартыі” за абарону правоў чалавека. Мяркую, што з-за гэтага яго і затрымалі, нягледзячы на адсутнасьць доказаў, і будуць судзіць. Рух “Зубр” будзе падтрымліваць Мікіту на знак салідарнасьці — і калі ён будзе пад падпіскай аб нявыезьдзе, і калі будзе ў СІЗА. Справа будзе працягвацца”.

Калі ў судзе дакажуць віну Мікіты Сасіма, то яго могуць пакараць штрафам альбо абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі да двух гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG