Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія аналітыкі: Расея становіцца штораз больш аўтарытарнай краінай


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Аўтарытэтны Варшаўскі цэнтар усходніх дасьледаваньняў распаўсюдзіў аналітычную працу, прысьвечаную сытуацыі ў Расеі пасьля паўторнага абраньня на пасаду прэзыдэнта гэтай краіны. Паводле польскіх адмыслоўцаў, у Расеі і надалей будзе пашырацца кантроль Крамля над гаспадаркай, прэсай, недзяржаўнымі арганізацыямі і расьці роля спэцслужбаў у кіраваньні дзяржавай.

Паводле аўтараў працы “Палітыка Крамля ў часе другога тэрміну кіраваньня Уладзіміра Пуціна”, пасьля пераабраньня на чарговы тэрмін, Пуцін распачаў захады, якія маюць на мэце ўзмацненьне кантролю Крамля над палітычным, грамадзкім і гаспадарчым жыцьцём краіны, ліквідацыю палітычнага і інфармацыйнага плюралізму, а таксама пашырэньне кантролю ўладаў над уласнасьцю, у тым ліку і прыватнай.

“Гэтыя працэсы ўзмацняюць аўтарытарныя тэндэнцыі, а таксама спрыяюць пабудове новай сыстэмы ўлады, дзе над усім дамінуюць прэзыдэнт і ягонае атачэньне”, – пішуць польскія аналітыкі.

У працы адзначаецца, што адміністрацыя Пуціна спыніла рынкавыя рэформы, затое ўзмацніла дзяржаўную прапаганду, галоўная мэта якой – пераканаць жыхароў краіны ў тым, што вакол Расеі паўсюль ворагі, асабліва Захад, а памагатыя гэтых ворагаў ўнутры краіны гэта дэмакратычная апазыцыя.

“У сваіх мэтах расейскія улады спрабуюць выкарыстаць і праваслаўную царкву”, – падкрэсьліваюць польскія адмыслоўцы.

Паводле іхнага меркаваньня, у найбліжэйшыя гады тэндэнцыі адыходу ад рэформаў і узмацненьня аўтарытарнага стылю кіраваньня ў Расеі захаваюцца, асабліва калі на сусьветных рынках і надалей будуць падвышацца цэны энэрганосьбітаў.

“Але ў выпадку рэзкага зьніжэньня цэнаў на нафту, што, аднак, малаверагодна, ці зьніжэньня ўзроўню здабычы сыравіны, у Расеі можа пачацца сур’ёзны эканамічны крызіс, які выкліча і крызіс палітычны, наступствыя якога цяжка прадказаць”, – пішуць аналітыкі Варшаўскага Цэнтру усходніх дасьледаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG