Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ідэнтыфікаваных ахвяраў цунамі сярод брытанцаў – каля 50, невядомы лёс яшчэ каля 400 асобаў


Мікола Пачкаеў, Лёндан У Вялікабрытаніі ў цэнтры грамадзкай увагі застаюцца ахвяры й наступствы цунамі ў Індыйскім акіяне. Дакладная колькасьць брытанскіх пацярпелых дагэтуль невядомая, але, як прызнаюць улады, яна можа ўзрасьці яшчэ прынамсі ў 4 разы. Тым часам брытанскі ўрад і грамадзкія арганізацыі праводзяць буйнамаштабныя апэрацыі дапамогі насельніцтву пацярпелых рэгіёнаў.

Тэма наступстваў катастрафічнага цунамі ў Індыйскім акіяне дагэтуль распачынае выпускі навінаў усіх брытанскіх тэлеканалаў і дамінуе на першых старонках брытанскае прэсы. Газэты і тэлеэкраны запоўнены трагічнымі гісторыямі аб ахвярах – ды расповедамі аб цудоўных выратаваньнях пацярпелых брытанцаў, якія вяртаюцца дадому.

Колькасьць ідэнтыфікаваных загіблых брытанцаў – пакуль каля 50, аднак невядомы лёс яшчэ каля 400 асобаў. Цяпер брытанскія ўлады нарэшце афіцыйна прызналі, што лічба брытанскіх загіблых можа дасягнуць прынамсі дзьвюх сотняў. Высьвятленьне асобаў гэтых ахвяраў, верагодна, зойме яшчэ некалькі месяцаў – бо ва ўмовах наступстваў цунамі аналізы ДНК застаюцца адзінай магчымасьцяй ідэнтыфікацыі. У пацярпелых краінах працуюць цяпер групы судовых экспэртаў са Скотланд-Ярда.

Хаця сярод беларусаў Вялікабрытаніі ды іх сваякоў няма вестак аб пацярпелых ад цунамі, аднак памятаць аб гэтай трагэдыі нагадаў а. Аляксандар Надсан у казані на Новы Год у беларускай грэка-каталіцкай царкве ў паўночным Лёндане.

Хаця колькасьць загіблых у Брытаніі значна меншая ў параўнаньні зь іншымі заходне-эўрапэйскімі краінамі, аднак існуе яшчэ наступная важная акалічнасьць: Індыя і Шры-Лянка (раней званая Цэйлён) – былыя брытанскія калёніі, а сёньня ў Брытаніі жывуць шматлікія насельніцтва індыйскага і цэйлёнскага паходжаньня. З гэтай прычыны колькасьць тых у Вялікабрытаніі, хто страціў сваякоў або ня ведае аб лёсе сваіх родных і блізкіх, у сапраўднасьці на парадак вышэйшая. Нездарма ў гэтыя дні Прынц Чарльз скарыстаў наведваньне лёнданскага будыйскага храму, каб выказаць спачуваньне ды заахвоціць брытанскую публіку дапамагчы пацярпелым.

Канцлер – г.зн. кіраўнік міністэрства фінансаў і скарбу – Гордан Браўн выступіў ад імя брытанскага ўраду з прапановаю, каб у гэтых абставінах багатыя дзяржавы даравалі пацярпелым краінам запазычанасьці – што дазволіць ашчадзіць 3 млрд. даляраў ды скіраваць іх на аднаўленьне. Нарэшце, у пятніцу прапанова Брытаніі сталася для кіраўнікоў найбольш разьвітых краінаў, якія таксама зьяўляюцца найбуйнейшымі крэдытадаўцамі, асноваю рашэньня аб замарожаньні выплатаў пацярпелымі краінамі працэнтаў па пазыках.

Дарэчы сказаць, што аналітыкі засьцерагалі ад простага касаваньня гэтых даўгоў – бо з пункту гледжаньня крэдытнай рэпутацыі гэта азначала б тэхнічны дэфолт ды ў будучыні зрабіла б атрыманьне замежных крэдытаў больш дарагім і складаным для гэтых краінаў.

Тым часам Брытанія выслала да берагоў пацярпелых краінаў у зоне Індыйскага акіяну некалькі караблёў свайго Ваенна-марскога флёту ды іншыя вайсковыя часткі, якія са сваёй тэхнікай і транспартам аказваюць дапамогу пацярпелым абшарам. Канешне, рэсурсы брытанскага флёту й войска непараўнальныя з накіраванымі рэсурсамі Злучаных Штатаў, але вялікую дзейнасьць праводзяць брытанскія няўрадавыя арганізацыі, тамсама здольныя са свайго боку арганізаваць пастаўку і транспартыроўку буйных аб’ёмаў дапамогі.

Водгук на заклікі аб дапамозе ў Брытаніі быў вельмі станоўчым – брытанскія грамадзяне і кампаніі ахвяравалі для пацярпелых ад цунамі больш за 100 млн. фунтаў – каля 200 млн. даляраў – ужо на працягу гэтага кароткага часу.
XS
SM
MD
LG