Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа вярнуўся зь Вільні ў Менск


Тацяна Поклад, Вільня Гэта была другая па ліку вучнёўская сэсія ліцэю ў Вільні, дзе ліцэй знаходзіўся у поўным складзе амаль тры тыдні. Заняткі адбываліся ў памяшканьні Віленскага ліцэю, жылі ліцэісты і выкладчыкі ў інтэрнаце Літоўскага дому.

Як і летась, сэсія адбывалася ў часе калядных вакацыяў, усяго былі праведзеныя 700 урокаў. Апрача таго, былі вандроўкі па Вільні, паездкі ў Коўню і Трокі, сьвяткаваньне Калядаў і Новага году, удзел у дзьвюх перадачах на літоўскім нацыянальным тэлеканале: у аўтарскай праграме “Віленскі сшытак” (па-беларуску) і вечаровай папулярнай перадачы “Прашу слова” (у жывым эфіры, з сынхронным перакладам зь беларускай на літоўскую).

Дырэктар ліцэю У.Колас адзначае сёлета яшчэ большую зацікаўленасьць у справах ліцэю з боку шырокай грамадзкасьці ў суседніх краінах ды гэтак кажа пра далейшыя пляны:

(У.Колас:) “Я не магу раскрываць усе карты, шчыра кажучы, бо нас слухаюць ня толькі нашыя прыхільнікі, і мы баімся перашкодаў. Але, шчыра кажучы, нейкіх сьветлых матэрыяльных пэрспэктываў мы пакуль ня бачым. Ідзе штодзённая барацьба за існаваньне, пошук сродкаў – у гэтым пляне ёсьць і трывога, і занепакоенасьць.

Прыемна было, што ў “Газэце Выборчай” зьявіўся артыкул пра нас, польская грамадзкасьць адгукнулася, ёсьць пытаньні, прапановы дапамогі. Літоўцы паводзяць сябе як сапраўдныя суседзі, сапраўдныя сябры, можна сказаць, і браты, і не пакідаюць нас, зьбіраюцца дапамагаць. Мы вельмі пасябравалі і зь Віленскім ліцэем, і зь Літоўскім Домам, і гэтыя людзі заўсёды выказваюць гатовасьць дапамагчы. І калі сытуацыя ня зьменіцца, калі сумленьне не прачнецца ў тых, хто нясе адказнасьць за гэтае злачынства супраць нашых дзяцей і выкладчыкаў, то прыйдзецца карыстацца гэтай дапамогай”.

І выкладчыкі, і ліцэісты кажуць, што праца была вельмі плённай. У Менск калектыў ліцэю вяртаецца са складанымі пачуцьцямі – гэта і задаваленьне ад вынікаў, і радасьць вяртаньня дахаты, і цяжкае пачуцьцё вяртаньня ад нармальных умоваў вучобы – у падпольле, у барацьбу. Але, бадай, самае галоўнае ў цяперашнім настроі ліцэістаў – адсутнасьць страху і аптымізм.

(У.Колас: ) “Мы падымалі на Новы год чаркі за вяртаньне нашага будынка. Зразумела, гэта – мары, але мы прызвычаіліся мары зьдзяйсьняць. Вось з такім настроем мы і вяртаемся – з азартам, з настроем на працу канкрэтную, каб забясьпечыць магчымасьць Ліцэю ўвайсьці ў свой родны дом. Яшчэ адна падстава для аптымізму – падзеі на Ўкраіне, якія паказалі, што ўсё магчыма, ня трэба апускаць рукі”.

Пасьля вяртаньня ў Менск ліцэісты, якія актыўна працавалі ў часе калядных вакацыяў, будуць мець адпачынак і пасьля працягнуць заняткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG