Каляднага набажэнства ў Карэвічах магло б і ня быць, каб не падзеі часу Другой усясьветнай вайны. У 1940 годзе першыя саветы разбурылі касьцёл. У 1942 немцы адбудавалі бажніцу, якая вонкава і цяпер нагадвае кірху.
Тады ж, у 1942 годзе, два афіцэра вэрмахту намалявалі галоўны абраз алтару. Згаданыя падзеі адбываліся на вачах маладога Мэтэка Даўгайлы. Цяпер ён пэнсіянэр і ў сваёй хаце захоўвае ключы да касьцёлу. У дзеда Мэтэка ёсьць мара — адшукаць тых мастакоў.
(Мэтэк Даўгайла: ) “Два вайсковыя нямецкія мастакі — ці яны яшчэ жывыя? Можа, вам дзе прыйдзецца пісаць пра гэта, гэты абраз трэба сфатаграфаваць і паслаць у Нямеччыну. Можа, яны там знойдуцца”.
(Карэспандэнт: ) “Як у людзей год прайшоў?”
(Мэтэк Даўгайла: ) “Жыцьцё ў нас нядрэннае. Атрымліваю пэнсіі 200 тысяч — можна жыць. Трымаю каня і карову, ёсьць сьвіньні. Сучка нават апарасілася. Хадзі, Дзед Мароз, пакажу маленькіх шчанюкоў”.
Ва ўбраньні Дзедзе Мароза — з штучнай барадой і ў чырвоным капелюшы — ад хаты да хаты я дасьледую жыцьцё вёскі Карэвічы. У вочы кідаецца тое, што сабакі тут колькасна пераважаюць над гаспадарамі. Сям-там іх трымаюць па двое, а то й па трое. Не выключэньне і хата пэнсіянэркі Рэгіны Петушкевіч.
(Рэгіна Петушкевіч: ) “Ноччу ўсялякія тут лазяць. З Ваўкавыску прыяжджаюць мэтал шукаюць: то чыгункі пазабіраюць, то рукамыйнікі паздымаюць”.
(Карэспандэнт: ) “І якім чынам вы бароніцеся?”
(Рэгіна Петушкевіч: ) “Сабака. Калі спускаем, а калі й не. А яны хлеб падкідаюць. Выходжу я зранку. Бачу, батончык сьвежы ляжыць. Кажу на мужа: “Ты кідаў сабаку батона?” “Не”.
(Карэспандэнт: ) “Якія падарункі рыхтуеце дзецям ды ўнукам?”
(Рэгіна Петушкевіч: ) “Самае галоўнае, каб былі цукеркі й пернікі”.
(Карэспандэнт: ) “А мужу што падрыхтавалі?”
(Рэгіна Петушкевіч: ) “Гадзіньнік яму думаем падарыць. Патрэбны новы, бо гэты ўжо стары ды адбыты, нямодны. Ён яго яшчэ набываў, калі ў саўгасе працаваў”.
(Карэспандэнт: ) “На Каляды ды Новы год здараюцца цуды. Калі б перад вамі сядзеў сапраўдны Дзед Мароз, што б вы ў яго папрасілі?”
(Рэгіна Петушкевіч: ) “У нас тут праблема з аўталаўкай. Трэба, каб у нас тут крама была, каб яна працаваў хоць у хлебныя дні. Стаіш-стаіш, чакаеш-чакаеш, пакуль гэты хлеб прыедзе. Ад чатырох гадзінаў стаіш, а бывае, што машына толькі а восьмай прыедзе”.
(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам за размову. Пайду далей”.
(Рэгіна Петушкевіч: ) “Няма за што! А я падумала, што і сапраўды Дзед Мароз ідзе ды падарункі нясе ў сваёй торбе”.
(Карэспандэнт: ) “Выбачайце, што без падарункаў”.
Яшчэ тры гады таму Марыя Даўгайла была самым галоўным, пасьля дзеда Мэтэка, чалавекам у вёсцы. Стары, нагадаю, загадвае касьцельным ключом, а маладзіца працавала ў вясковай краме.
(Марыя Даўгайла: ) “Якое тут жыцьцё? Якое тут жыцьцё можа быць?! Адныя пакуты. Муж атрымае 140 тысяч — вось і ўсе грошы. А я не працую, бо няма дзе. Нашую краму зачынілі”.
(Карэспандэнт: ) “Калі чалавека пазбаўляюць працы, яму мусяць прапанаваць нешта іншае. Вы станавіліся на ўлік беспрацоўных?”
(Марыя Даўгайла: ) “Не, не станавілася. Для гэтага трэба ехаць ажно ў Сьвіслач. Туды трэба штомесяц зьяўляцца. А чым туды заедзеш?”
(Карэспандэнт: ) “Тут у вас траса. Выйшлі ды махнулі рукой”.
(Марыя Даўгайла: ) “Не бяруць ні машыны, ні аўтобус”.
(Карэспандэнт: ) “Новы год пачынаецца. Якія пляны?”
(Марыя Даўгайла: ) “Як заплянуеш, то звычайна так не атрымліваецца”.
(Карэспандэнт: ) “Тады вы не плянуйце знайсьці працу — і абавязкова яе знойдзеце!”
(Марыя Даўгайла: ) “Каб Дзед Мароз хоць штосьці падарыў”.
(Карэспандэнт: ) “Няма цукерак, так бы вас пачаставаў”.
(Марыя Даўгайла: ) “А я вам коціка магу прэзэнтаваць”.
Ад коціка я адмовіўся. Каб Сьнягурку прапанавалі — яшчэ б падумаў, а жывёліна ніяк ня ўпісваецца ў амплюа Дзеда Мароза. Самая вялікая іронія жыцьця Карэвічаў — праз паселішча праходзіць траса са Сьвіслачы на Ваўкавыск. Тут жа ідуць аўтобусы, кіроўцы якіх, праўда, ня надта ахвотныя тармазіць на прыпынку. Вось і атрымліваецца: дарога ёсьць, а зьехаць вельмі цяжка. У гэтым сэнсе навагодняя мара Зоі Мацяс мне цалкам зразумелая:
(Карэспандэнт: ) “А што б вы хацелі атрымаць у якасьці падарунка?”
(Мацяс: ) “Ад каго?”
(Карэспандэнт: ) “Ад сапраўднага Дзеда Мароза”.
(Мацяс: ) “Ровар”.
Спадарыня Мацяс заслугоўвае асобнага прадстаўленьня. Народжаную ў Пінску, лёс закінуў у Сьвіслацкі раён Гарадзенчышы. Ужо колькі дзясяткаў год яна ня чуе роднае гаворкі з характэрнымі націскамі: хатЫ, бабЫ і коровЫ. Але і тутэйшую лексыку — прыкладам, выразаў “дамо рады”, альбо “халера ясная!” — яна так і не засвоіла. За лепшае палічыла вывучыць расейскую мову.
(Карэспандэнт: ) “Новы год ды Каляды — як сьвяты будзеце сустракаць?”
(Мацяс: ) “Кожны ў сваёй каце сустракае. Тут усё насельніцтва каталікі, а я сама — праваслаўная”.
(Карэспандэнт: ) “А ў госьці адно да аднаго ходзяць, каталікі да праваслаўных, праваслаўныя да каталікоў?”
(Мацяс: ) “Ходзім. Але на сьвяты — то не, бо ў праваслаўных пост”.
(Карэспандэнт: ) “Гляджу, хрэну вы накапалі — гэта на каляды? А што яшчэ на сьвяточным стале будзе?”
(Мацяс: ) “Мы труса начыняем. Вару грэчку, туды ныркі ды пячонку. Усё гэта разам тушым і напіхаем ўнутар разам з цыбуляй і перцам. Трус гэты зашываецца, і ставім у печ. Ён там утушыцца і атрымаецца ружовенькім”.
(Карэспандэнт: ) “Адна будзеце сустракаць альбо зь дзецьмі?”
(Мацяс: ) “На Новы год ня хочуць сюды ехаць — у мяне ў Ваўкавыску сын з унукамі. А адзін сын са мною жыве. Яму будзе сумна адному — можа, куды і паедзе. Так што буду адна. А на Каляды ўжо ўсе да мяне прыяжджаюць”.
Яшчэ адной некарэннай жыхарцы — Любові Радзіваноўскай — транспартная праблема ў літаральным сэнсе не дае спакойна заснуць.
(Радзіваноўская: ) “Валодзька працуе ў Ваўкавыску. Ён штодня туды езьдзіць. А я ўсё па начах чакаю і чакаю, а ён цёмна паехаў і цёмна прыехаў. А я за яго баюся”.
Валодзька — гэта сын спадарыні Радзіваноўскай, які жыве пры матчынай хаце. Насьцярожаная па жыцьці 80-гадовая старая на маё ўбраньне Дзеда Мароза адрэагавала з гумарам.
(Карэспандэнт: ) “Дзень добры! Дзед Мароз да вас”.
(Радзіваноўская: ) “Дзед Мароз, а ты падарачак мне прынёс?”
(Карэспандэнт: ) “Прынёс. Новы год пачынаецца. У такі час людзі звычайна новыя надзеі ўскладаюць. Што вы плянуеце на 2005 год?”
(Радзіваноўская: ) “Ніякага плянаваньня няма. Раней бы пра такое не падумаў, а цяпер кладзесься спаць — і ўсё баліць, то там то сям. Аднойчы ледзь не памерла, то папрыяжджалі са Сьвіслачы і Поразава. Добра з намі абыходзяца, лепш ня трэба. Пяцёрку сунеш — яны прыедуць ды яшчэ і браць ня хочуць. Іншым разам пакладзеш за турботу, наўмысна ўсунеш, а яны ўсё адно адмаўляюцца”.
(Карэспандэнт: ) “Часам здараюцца цуды. Каб тут стаяў сапраўдны Дзед Мароз і паабяцаў выканаць любое вашае жаданьне, чаго б вы ў яго папрасілі?”
(Радзіваноўская: ) “Сама я са Слонімскага раёну — вёска Рахавічы…”
(Карэспандэнт: ) “Даўно на радзіме былі? Хацелі б туды зьезьдзіць?”
(Радзіваноўская: ) “Хацела б, ды ўжо здароўя няма. Там ўжо лес расьце, дзе была нашая хата. У Слоніме пляменьнікі й родная сястра. А там ўжо ўсе паўміралі”.
Транспартную праблему ў Карэвічах кожны вырашае па-свойму: хто марыць пра ровар, а хто зьбірае грошы на каня. А навасьпечаны пэнсіянэр Эдуард Петушкевіч абскакаў усіх — узяў ды й набыў трактар. Галоўны вынік 2004-га для яго — разьлічыўся з калектыўнай гаспадаркай і пайшоў на заслужаны адпачынак.
(Карэспандэнт: ) “Што б у Дзеда Мароза папрасілі?”
(Эдуард Петушкевіч: ) “Каб нам тэлефон правялі. Абяцалі, а правядуць ці не — ня ведаю. Праблема ёсьць. Дачцэ з Ваўкавыску патэлефанаваць і тое няма куды. Трэба бегчы ў суседнюю хату. У нас на вёску ўсяго два тэлефоны”.
Некаторыя жыхары Карэвічаў з радасьцю прымуць любы калядны падарунак. Дарослыя людзі гатовыя спадзявацца на самы сапраўдны цуд. Праўда, вяскоўцы няўпэўненыя, што іхныя жаданьні пераўтворацца ў рэчаіснасьць.