Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цунамі ў Індыйскім акіяне стала нацыянальнай трагедыяй для швэдаў


Сяргей Астраўцоў, Прага Для швэдаў цунамі ў Індыйскім акіяне зрабілася нацыянальнай трагедыяй. Яны сутыкнуліся зь незнаёмым для сябе бедзтвам. На гэты момант ідэнтыфікаваныя 52 ахвяры загінулых швэдаў на курортах у Паўднёва-Усходняй Азіі, а 1900 швэдаў лічацца зьніклымі. Улады адзначаюць, што Швэцыя пацярпела ў гэтым сэнсе найгорш сярод іншых эўрапейскіх краінаў. Публікацыю на тэму швэдзкіх ахвяраў сёньня зьмясьціла газэта “Нью-Ёрк Таймс”.

Прэм’ер-міністар Швэцыі Горан Пэрсан зазначыў, што швэдаў ашчадзілі войны, краіна мірна і пасьпяхова разьвівалася. Дзякуючы палітыцы нэўтралітэту, гэта працягвалася дзесяцігодзьдзі. Як іншыя эўрапейцы, яны імкнуліся добра адпачываць, часова зьмяняючы скандынаўскую зіму на трапічнае лета. У Тайляндзе падчас цунамі знаходзіліся прыблізна 20 тысячаў швэдзкіх турыстаў.

Аднак танныя чартэрныя авіярэйсы не даюць бясьпекі падчас адпачынку. Газэтны камэнтатар Горан Розэнбэрг гаворыць, што цяперашняе здарэньне разбурыць упэўненасьць швэдаў у сваёй здольнасьці існаваць у бясьпецы.

Трагедыя выклікала цяжкія псыхалягічныя праблемы. Гэта, напрыклад, жахлівая неабходнасьць ідэнтыфікаваць трупы, якія прывозяць самалётам у трунах, пакрытых нацыянальным сьцягам.

У школах застаюцца пустыя парты, за якімі сядзелі дзеці, якія паехалі з бацькамі на калядны адпачынак. Або—як растлумачыць сьмерць або адсутнасьць родных дзецям?

Сям’я Нікласа Ліндзкога адпачывала ў Тайляндзе. Ніклас апавядае, што яму неабходна было сказаць 7-гадоваму сыну Г’юга, што ён болей ня убачыць сваю маці і сястру.

Бацька сказаў яму, што калі памёр улюбёны трус Г’юга, ён трапіў на нябёсы — так і мама зь сястрой трапілі ў нябёсы. Сам Г’юга таксама ледзь не загінуў на пляжы ў Каа-Ляку, але здолеў уратавацца.

За апошнія дзесяцігодзьдзі вялікім ударам для швэдаў сталася гібель амаль 550 суайчыньнікаў, якія утапіліся з эстонскім паромам у Балтыйскім моры.

Гэта здарылася ў 1994 годзе. Для краіны, якая ня ведала войнаў амаль 200 гадоў, страта была вельмі адчувальнай. Гэта была вайна без абвешчаньня вайны, зазначыў пісьменьнік і былы рэпарцёр Андэрс Ёхансан. Да такіх стратаў ніхто ў Швэцыі ня быў гатовы. Лічбы ахвяраў, як на краіну з 9-мільённым насельніцтвам, вельмі істотныя.

У сераду ў Стакгольм прыбылі першыя 6 трунаў з трупамі ахвяраў цунамі. Паводле доктара Друіда, целы былі больш пашкоджаны, чымсьці ён мог чакаць. Судовыя мэдэкспэрты на чале зь ім паспрабуюць вызначыць імёны ахвяраў паводле рэгістрацыйных картак дантыстаў. У выпадку патрэбы, яны будуць браць узоры ДНК у тых людзей, чые сваякі не вярнуліся з тайляндзкіх курортаў.
XS
SM
MD
LG