Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч у Каляды працаваў над скаргай у Менскі абласны суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч не пагадзіўся з вынесеным яму прысудам і рыхтуе касацыйную скаргу ў Менскі абласны суд.

Напярэдадні праваслаўных Калядаў зь Міхаілам Марынічам у сьледчым ізалятары КГБ сустрэліся ягоны сын Ігар Марыніч і адвакат Вера Страмкоўская. Паводле Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч працуе над скаргай. “Былы міністар разьлічвае дарабіць скаргу ўжо да панядзелка 10 студзеня, каб адразу накіраваць яе ў Менскі абласны суд”, — паведаміла Радыё Свабода Вера Страмкоўская. Вось што яна распавяла пра настрой Міхаіла Марыніча ў гэтыя дні:

(Страмкоўская: ) “Ён трымаецца мужна, вельмі ўпэўнены, што будзе скасаваны гэты прысуд і настане момант, калі ён будзе вольны”.

30 сьнежня Міхаіл Марыніч быў прызнаны Менскім раённым судом вінаватым у крадзяжы маёмасьці і асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня. Вінаватым сябе ён не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, спробай перашкодзіць яму ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Вера Страмкоўская таксама паведаміла, што празь яе Міхаіл Марыніч падзякаваў усім, хто даслаў лісты падтрымкі й віншаваньні з Калядамі. У тым ліку Марыніч назваў кіраўніка дыпмісіі Чэхіі ў Беларусі Ўладзімера Румла, прадстаўніцу Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уту Цапф і лідэра беларускай Партыі камуністаў Сяргея Калякіна.

Паводле зьвестак Веры Страмкоўскай, напярэдадні праваслаўных Калядаў Міхаіла Марыніча перавялі ў іншую камэру. Гэтая камэра нічым не адрозьніваецца ад папярэдняй, у ёй таксама чатыры вязьні, але зь іх паліць толькі адзін. Раней на працэсе Міхаіл Марыніч скардзіўся на тое, што яму не хапае сьвежага паветра, бо тры ягоныя сукамэрнікі палілі. Таксама Міхаіл Марыніч у судзе заявіў, што ўмовы ягонага утрыманьня ёсьць формай дасудовага ціску на яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG