Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сустракаюць праваслаўныя Каляды беларускія палітыкі – “левыя” і “правыя”?


Алесь Дашчынскі, Менск З такім пытаньнем да шэрагу вядомых у Беларусі асобаў зьвярнуўся наш карэспандэнт.

7 студзеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч возьме ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах: ён атрымаў запрашэньне ад мітрапаліта Філарэта на сьвяточнае набажэнства з удзелам VIP-пэрсонаў, якое пачнецца ў менскім саборы а 16 гадзіне. Пасьля ён накіруецца ў Палац рэспублікі.

Спадар Гайдукевіч называе сябе “шчыра веруючым чалавекам”, пост захоўваў на 90 працэнтаў. Дом Гайдукевіча ў вёсцы Сёмкава не прамінаюць калядоўшчыкі.

(Гайдукевіч: ) “Жонка закупіла яшчэ перад Новым годам пячэньне, танныя цукеркі па 5-6 кіляграмаў, таму што вечарам у нас абавязкова прыйдуць дзеці, і я буду гэта раздаваць. У мяне калі брамка адчыняецца, у мяне ўсе гэтыя ялінкі стаяць упрыгожаныя, у мяне ж многа дрэваў, 200 дрэваў і яны ж усе ў цацачках і агеньчыках”.

У той час, калі Аляксандар Вайтовіч быў на пасадзе сьпікера Савета рэспублікі, ён таксама прыходзіў на набажэнства ў царкву з удзелам VIP-пэрсонаў. А як цяпер?

(Вайтовіч: ) “Ну тады запрашаў мяне Філарэт, і я лічыў: калі Філарэт мяне запрашае, то я павінен прыйсьці. Калі б мяне і цяпер запрасіў Філарэт, то я таксама пайшоў бы. Але ў нас ня тое робіцца, таму што ўсе людзі, якія займалі нейкія пасады, яны падзеленыя на чорных і белых. Вось Дземянцея могуць запрасіць куды-небудзь, на нейкае сьвята, а Шушкевіча ніколі не запросяць. Гэта ж вельмі дзіўна, таму што гэтыя людзі – і Шушкевіч, і Дземянцей – займалі адну і тую ж пасаду ў краіне. Тое самае я магу сказаць і адносна сябе. Гэта загана дзяржаўная на дзяржаўным узроўні, гэта так не павінна ў дзяржаве рабіцца”.

Спадар Вайтовіч распавёў, што Каляды ён сьвяткуе разам са сваімі роднымі, пагатоў што ёсьць яшчэ адна нагода.

(Вайтовіч: ) “Мы сумяшчаем Каляды са сьвяткаваньнем трох дзён нараджэньня, паколькі ў майго брата 4 студзеня, у мяне зь сястрой 5 студзеня. Звычайна гэта працоўныя дні, таму ўсе мы зьбіраемся ў бліжэйшыя выходныя, а гэта звычайна Каляды”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава распавяла, што не захоўвае асаблівых традыцый пры сьвяткаваньні Калядаў. Увечары яна ідзе ў тэатар, а потым глядзіць дома сьвяточнае набажэнства па тэлевізару. Можа яна пойдзе дзе калядаваць, у госьці?

(Абрамава: ) “Не, калядаваць – гэта наўрад ці. Хутчэй за ўсё я скарыстаю гэта як добры дзень адпачынку. Натуральна, ёсьць цэлы шэраг страў, якія падабаюцца маёй сям’і. Да прыкладу, я раблю слаёныя піражкі з сырам, фаршыраваныя шампіньёны”.

Былы дэпутат, алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч распавёў, што Новы год сустракаў за мяжой, таму сёлета ўпершыню Каляды сьвяткуе бяз елкі.

(Парфяновіч: ) “Ну як будзем сустракаць? За добрым сталом, прыйдуць сябры, і зь сябрамі разам будзем сустракаць. Наша хата ніколі не бывае пустой. Падарункаў, мабыць, ня будзе, але будзе добры стол. У мяне ж пэнсія ёсьць, як і ў нашых суайчыньнікаў – 140 тысяч рублёў. Мы тут пакалядуем у сябе”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін асабліва да Калядаў не рыхтаваўся. Як ён сьвяткуе?

(Калякін: ) “У коле сям’і, як звычайныя сьвяты, якія ёсьць. Я, як атэіст, ня буду надаваць гэтаму нейкага рэлігійнага значэньня, але сьвята ў сям’і будзе, канешне, мы павіншуем адзін аднаго, пасядзім за сьвяточным сталом, сустрэнемся з сябрамі”.

Нарэшце, яшчэ адзін мой суразмоўца, лідэр БСДП (Народная грамада) Мікалай Статкевіч абавязкова адзначае Каляды, і гэтая традыцыя ў сям’і захоўваецца дзякуючы жонцы.

(Статкевіч: ) “Такое традыцыйнае сьвяткаваньне, такое хрысьціянскае крыху з паганскім адценьнем – сем страў посных, якія трэба паспытаць і ўсё такое. Будзе такая ціхая сямейная вячэра пры сьвечках, пры ўсякіх кашах. Раней мае дзеці калядавалі, калі яны былі яшчэ малыя. У мяне быў сабака, яны апраналі на яго кажух, прычаплялі да яго рогі, хадзілі калядаваць, прыцягвалі шмат цукерак, кілбасы, усё было весела, яны сьпявалі беларускія калядныя песьні. На Каляды прынята жадаць проста шчасьлівых Калядаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG