Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт у студэнцкіх інтэрнатах будзе кантраляваць Міністэрства адукацыі


Ганна Соусь. Менск У Міністэрстве адукацыі заявілі, што хочуць кантраляваць доступ студэнтаў да інтэрнэту, у прыватнасьці, у інтэрнатах. Як ставяцца да гэтага студэнты?

Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва заявіла на калегіі ў міністэрстве, што бескантрольны доступ да інтэрнэту шкодзіць выхаваўчай і ідэалягічнай працы. Як паведаміла газэта “Рэспубліка”, чыноўніцу непакоіць той факт, што моладзь практычна не чытае грамадзка-палітычных газэтаў і аддае перавагу прафэсійным выданьням і інтэрнэту.

Паводле Тацяны Кавалёвай, калі ў ВНУ можна пракантраляваць наведаваньне студэнтамі інтэрнэту, то ў інтэрнатах, дзе ўладальнікамі кампутарных клюбаў зьяўляюцца камэрцыйныя структуры, зрабіць гэта дастаткова складана. І таму, лічыць намесьніца міністра адукацыі, варта было б замяніць камэрсантаў на адукацыйных правайдэраў. Як паставіліся да такой прапановы студэнты? Ці рэальна кантраляваць іх доступ да інтэрнэту ў інтэрнатах? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнулася да студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, якія жывуць у інтэрнатах.

(Студэнт: ) “Гэта вельмі складана будзе зрабіць, паколькі ў нас вельмі разумныя студэнты, асабліва ў тэхнічных ВНУ. Яны знойдуць, як падмануць сродкі кантролю. Хаця, можа, гэта й рэальна”.

(Студэнт: ) “Трэба, каб студэнты маглі свабодна наведваць інтэрнэт. Па-першае, гэта разьвівае моцна, а па-другое, там можна шмат цікавага скачаць. А калі пачнуць кантраляваць, то спыняць усё”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці рэальна пракантраляваць наведваньне інтэрнэту ў інтэрнатах?“

(Студэнт: ) “Калі захочуць, усё што заўгодна зробяць”.

(Студэнт: ) “Навошта? Які сэнс? Інтэрнэт — гэта асноўны сродак інфармацыі. Гэта вельмі дапамагае ў навучаньні”.

(Студэнт: ) “Я, напрыклад, магу залезьці ў інтэрнэт праз сотавы тэлефон. А яны могуць нам проста перакрыць лякальную сетку з нашага апэратара — кампаніі “Нікс”. Мне, напрыклад, вельмі патрэбен інтэрнэт, бо я там працую, і яны мне перакрыюць кісларод”.

(Студэнт: ) “Нам могуць падсоўваць тую інфармацыю, якую яны хочуць, каб мы ведалі. Для мяне гэта нецікава. У гэтых інтэрнатах можна выкарыстоўваць розныя проксі-сэрвэры, доступы да пэўных сайтаў, але гэта будзе ня вельмі добра з боку дзяржавы і Міністэрства адукацыі”.

(Студэнт: ) “Інтэрнэт — гэта неабходнасьць цяпер, і ён павінен быць у інтэрнатах абавязкова”.

(Студэнтка: ) “Яны ніколі ня здолеюць яго кантраляваць, толькі калі кампутары прыбяруць і вырубяць сетку. Гэта глупства. Студэнты, калі захочуць, то ўсё роўна будуць наведваць, калі не ў інтэрнаце, дык у нейкім клюбе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG