Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя беларусы сьвяткуюць Раство


Альгерд Невяроўскі, Менск 6 студзеня ў праваслаўных беларусаў посная Куцьця — пачатак калядных сьвятаў. У чым адметнасьць сёлетняга сьвяткаваньня Раства праваслаўнай царквой у Беларусі? Пра гэта наш карэспандэнт гутарыў з супрацоўнікам Беларускага экзархату па сувязях з грамадзкасьцю архімандрытам Аляксеем Шынкевічам.

Сёньня ўвечары сьвяточныя калядныя багаслужбы пачнуцца ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі. На цяперашні момант іх налічваецца больш за 1300 у адзінаццаці япархіях. Я папрасіў архімандрыта Аляксея Шынкевіча апавесьці, як прайшоў мінулы год у праваслаўнай царкве і адзначыць самыя адметныя падзеі.

(а.Шынкевіч: ) “Перш за ўсё мы павінны дзякаваць Богу за тое, што ў праваслаўнай царкве ў Беларусі жыцьцё разьвіваецца стабільна. Вельмі прыемна адзначыць і тое, што пабудавана мноства храмаў і будуюцца новыя ва ўсіх япархіях. Павялічваецца колькасьць вернікаў. І гэтыя вернікі не намінальныя, як мы кажам, а практыкуючыя, якія адказна ставяцца да хрысьціянства. І самае адметнае — напрыканцы мінулага году адбылося адкрыцьцё новай Бабруйскай і Асіповіцкай япархіі”.

Паводле архімандрыта Шынкевіча, адкрыцьцё новай япархіі палепшыць жыцьцё прыходаў гэтай часткі Магілёўшчыны. Сярод іншых адметных падзеяў у праваслаўнай царкве прадстаўнік Беларускага экзархату адзначае дзейнасьць Інстытуту тэалёгіі пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Ён створаны на аснове былога факультэту тэалёгіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, зьліквідаванага ўладамі ў 2004 годзе.

Калядныя багаслужбы ў праваслаўных храмах пачнуцца ўвечары і будуць працягвацца амаль усю ноч. Архімандрыт Аляксей Шынкевіч гаворыць, што акрамя калядных набажэнстваў сёлета будзе арганізавана шмат культурных імпрэзаў у сельскіх прыходах:

(а.Шынкевіч: ) “Прыемна адзначыць тое, што за мінулы год адкрылася многа вясковых прыходаў. На гэтых прыходах служаць маладыя выхаванцы менскіх духоўных школаў. І наколькі я ведаю, шмат маладых сьвятароў дбалі ня толькі аб сьвяточным багаслужэньні, але хочуць і нейкія культурныя, сацыяльныя праграмы праводзіць на вёсках, у сваіх сельскіх прыходах. І пэўна ж для дзяцей будзе мноства розных мерапрыемстваў”.

У Менскім жа Катэдральным саборы 7 студзеня адбудзецца сьвяточная вячэрня, на якой будзе прысутнічаць Аляксандар Лукашэнка ды іншыя высокія чыноўнікі. Пасьля ў Палацы Рэспублікі мае адбыцца ўзнагароджаньне ляўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэньне” і спэцпрэміі прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG