Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасажыр "BMW", што сутыкнулася з “Audi” зоркі беларускага футбола Аляксандра Глеба, памёр у шпіталі


Ул. інф. 3 студзеня ў менскім шпіталі №9 памёр 24-гадовы мянчук, пасажыр "BMW" – аўтамабіля, які напярэдадні Новага году сутыкнуўся з "Аўды А8", якім кіраваў футбаліст нямецкага “Штутгарту” і беларускай зборнай Аляксандар Глеб.

Нягледзячы на тэрміновае правядзеньне складанай нейрахірургічнай апэрацыі й кваліфікаваны дагляд лекараў, пацярпелы так і не прыйшоў у прытомнасьць. Паводле мэдычных экспэртаў, сьмерць наступіла ў выніку несумяшчальнай з жыцьцём мазгавой траўмы цяжкай ступені. Складную, аднак сумяшчальную з жыцьцём траўму атрымаў таксама і кіроўца "BMW".

Што да Аляксандра Глеба, то ён ня мае сур’ёзных пашкоджаньняў. Паводле самога факту дарожна-транспартнага здарэньня ўзбуджана крымінальная справа.

Як вынікае з міліцэйскіх пратаколаў, на момант здарэньня футбаліст Аляксандар Глеб быў абсалютна цьвярозым. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі пакуль адмаўляюцца паведамляць ці камэнтаваць нейкія іншыя дэталі аварыі. Вядома толькі, што сутыкненьне аўтамабіляў адбылося ўначы 30 сьнежня на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Сурганава і Якуба Коласа.

Аляксандр Глеб прыбыў у Менск адмыслова дзеля таго, каб сустрэць разам з бацькамі Новы год. Напярэдадні ў інтэрвію нямецкай прэсе, ён гаварыў, што сумуе па доме і заўсёды радуецца падобнай сустрэчы. Футбаліст таксама сьведчыў пра тое, што багаты на прысмакі і напоі беларускі стол ніколькі ня вабіць яго: ён амаль не ўжывае алькаголю. Добры ж настрой атрымлівае ад сустрэчы са сваякамі.

Плянавалася, што Аляксандар Глеб вернецца ў Нямеччыну 2-га студзеня, і на наступны ж дзень прыступіць да трэніровак у сваім клюбе “Штутгарт”. У нямецкай прэсе пакуль яшчэ не зьявілася ніякай інфармацыі адносна дарожна-транспартнага здарэньня альбо наконт таго, што вядомая зорка ня возьме ўдзелу ў бліжэйшых гульнях. Ніякай інфармацыі няма і на пэрсанальнай інтэрнэт-старонцы футбаліста.

Тым часам практыка дарожна-транспартных здарэньняў сьведчыць, што нават у самых складаных выпадках вінаватых фармальна можа і ня быць. Бакі разумеюць, што жыцьцё загіблага альбо здароўя пакалечанага ня вернеш, і адмаўляюцца ад прэтэнзіяў у адказ на адпаведную кампэнсацыю. (У свой час у падобных сытуацыях апынуліся Дзьмітрый Булахаў, сын Вячаслава Кебіча ды іншыя).

Гл. таксама • Ці можа быць распачатая крымінальная справа супраць аднаго зь лепшых футбалістаў Беларусі і нямецкай Бундэслігі Аляксандра Глеба?
XS
SM
MD
LG