Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Чаму гэта спадар Лукашэнка так ня любіць Захад і так любіць амэрыканскую валюту?”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сярэдні мінімальны памер пэнсіі па ўзросьце ў 2005 годзе дасягне бюджэту пражытачнага мінімуму, а суадносіны памеру сярэдняй пэнсіі да сярэдняй зарплаты будуць складаць больш за 43%. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра працы й сацыяльнай абароны Беларусі Валяр’ян Кароль. Незалежныя эканамісты называюць гэтае падвышэньне палітычна матываваным і гавораць, што яно істотна адаб’ецца на рэальным сэктары беларускай эканомікі.

Паводле Валяр’яна Караля, сёлета будзе зроблена два пераразьлікі працоўных пэнсіяў, і першы зь іх будзе ў лютым. Пакуль невядома, наколькі вырастуць пэнсіі пасьля першага пераразьліку, бо яшчэ ня зробленыя падлікі сярэдняга памеру зарплаты за 4 квартал мінулага году. Цяпер бюджэт мінімальнага пражыцьцёвага мінімуму складае амаль 128 860 рублёў, ці амаль 60 даляраў, сярэдняя пэнсія – 83 даляры, а сярэдні заробак каля 200. Нагадаю, што ў 2004 годзе ўлады чатыры разы рабілі пераразьлік мінімальных пэнсіяў і надбавак. На гэта было выдаткавана 70 мільярдаў рублёў.

Як камэнтуюць гэтае рашэньне беларускіх уладаў незалежныя экспэрты? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук перакананы, што гэтае рашэньне палітычнае і тлумачыцца найперш будучай выбарчай прэзыдэнцкай кампаніяй. Аляксандар Лукашэнка хоча паказаць, што дбае пра людзей і выконвае свае абяцаньні – да канца 2005 году сярэдні заробак павінен быць 250 даляраў, а сярэднія пэнсіі больш за 100. Але што гэта за сумы з улікам сур’ёзнай інфляцыі даляра? Пра гэта гаворыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Улады ня кажуць, за кошт чаго будзе дасягнутае вось такое намінальнае ўзвышэньне заробку. Чаму гэта спадар Лукашэнка так ня любіць Захад і так вось любіць амэрыканскую валюту? Чаму, напрыклад, не рабіць гэтыя прагнозы не ў далярах, напрыклад, а ў эўра, што было б для нашай краіны больш зручна і больш паказальна, альбо ў нашых беларускіх рублях? Таму што сёньня ўжо няма тых даляраў, у якіх абяцаў Лукашэнка заробак у 250 адзінак. Лягічна было б казаць пра тое, што наш заробак павінен быць ня 250 даляраў, а 250 эўра”.

Іншымі словамі, на заробак у 250 даляраў і адпаведную сярэднюю пэнсію з усімі пераразьлікамі людзі купяць значна менш тавараў і паслугаў, чым абяцалі беларускія ўлады. Тым больш, што зь 1 студзеня 2005 году на 18% падаражэлі энэрганосьбіты, і, як лічыць Яраслаў Раманчук, цэны на газ і нафту будуць расьці й надалей.

Экспэрт лічыць, што такая палітыка штучнага падвышэньня заробкаў і пэнсіяў можа сур’ёзна адбіцца на фінансавым стане беларускіх прадпрыемстваў ды ляжа цяжарам на малы й сярэдні бізнэс. Спадар Раманчук таксама сумняецца, што сродкі на гэтую, на яго думку, палітычную кампанію беларускіх уладаў дасьць урад Расеі. Масква можа даць крэдыт у 200-300 мільёнаў даляраў і тое на закупку таго ж газу, а каб зьдзейсьніць такое падвышэньне заробкаў і пэнсіяў, трэба як найменш 800 мільёнаў даляраў. Таму, на думку спадара Раманчука, гэтыя грошы будуць спаганяцца з рэальнага сэктару беларускай эканомікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG