Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх умовах трымаюць у КГБ Міхаіла Марыніча?


Алег Грузьдзіловіч, Менск “Міхаіл Марыніч трымаецца мужна і не зьбіраецца скарацца”, — сьцьвярджае жонка асуджанага Тацяна Баранава, якая наведала яго ў сьледчым ізалятары КГБ. Наш карэспандэнт узяў інтэрвію ў спадарыні Баранавай.

Жонцы Міхаіла Марыніча Тацяне Баранавай першай дазволілі сустрэцца зь ім пасьля вынясеньня прысуду. Сустрэча адбылася ў адмысловым пакоі для спатканьняў ізалятару КГБ. Тацяна Баранава захапляецца мужнасьцю Міхаіла Марыніча, які, паводле яе, не скарыўся перад несправядлівым прысудам:

(Баранава: ) “Ён казаў, што не скарыўся і ня скорыцца ніколі. А што ён будзе змагацца да канца, гэта абалютная праўда. Вынесены прысуд ён лічыць абсурдам. Ён прасіў усіх, хто можа паўплываць (а гэта найперш лідэры краінаў, да якіх ён раней зьвяртаўся) распачаць міжнароднае расьсьледаваньне гэтай справы. А тут мы яшчэ паспрабуем змагацца прававымі захадамі”.

Тацяна Баранава назвала “ганебнымі” ўмовы, у якіх дзявяты месяц утрымліваюць Міхаіла Марыніча. Паводле словаў Марыніча, у ягонай камэры змрочна, вільготна, сукамэрнікі паляць, і дыхаць няма чым.

(Баранава: ) “Смурод, там стаіць сапраўдны смурод. Вэнтыляцыі фактычна няма. Гэта ягоныя словы. Да таго ж я магу меркаваць па паху тых рэчаў, якія ён перадае”.

Праблемным пытаньнем ёсьць зносіны з вонкавым сьветам. Карэспандэнцыю Марыніча ня толькі правяраюць, але падвяргаюць цэнзуры, лічыць Тацяна Баранава:

(Баранава: ) “Лісты яму даходзяць, але ня ўсе. Усе, натуральна, правяраюць. Лісты сваякоў ён атрымлівае, але я ведаю шмат людзей, якія дакладна яму пісалі, а ён іх лістоў не атрымліваў”.

Вельмі недастатковым назвала жонка Міхаіла Марыніча харчаваньне ў сьледчым ізалятары КГБ:

(Баранава: ) “Там трохразовае харчаваньне, якасьць якога вельмі нізкая. Кашы, замест супу на першае нейкая баланда, а мяса, садавіны, гародніны не даюць ніякіх. Калі б не перадачы з волі, выжыць на такіх харчах было б немагчыма”.

Тацяна Баранава сказала, што за дзевяць месяцаў, нават улетку, Марынічу толькі двойчы давалі капусту — вось і ўвесь набор вітамінаў для вязьня КГБ. Паводле назіраньняў Тацяны Баранавай, здароўе Міхаіла Марыніча пагоршылася, але гэтага ён не паказвае і ня скардзіцца. “У яго вельмі моцная воля”, — сказала жонка Міхаіла Марыніча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG