Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр “Пэрспэктывы” А.Шумчанка: “Ліцэнзіі – зручны рычаг для ліквідацыі прадпрымальніцтва”


Міхал Стэльмак, Менск Пачатак 2005 году ня надта ўдала складваецца для беларускіх прадпрымальнікаў: іх колькасьць скарацілася ў сувязі з завяршэньнем кампаніі ліцэнзаваньня, паводле якой зь 1 студзеня розьнічны гандаль бяз ліцэнзіяў на рынках Беларусі забаронены.

Паводле зьвестак дзяржаўных органаў, якія выдавалі ліцэнзіі індывідуальным прадпрымальнікам, яны яшчэ ня падсумавалі вынікі кампаніі. Разам з тым, ужо вядома, што калі ня ва ўсіх, то ў многіх рэгіёнах краіны частка дробных бізнэсоўцаў ня прыняла новых правілаў прадпрымальніцкай дзейнасьці і спыніла яе.

Нагадаю, што напачатку кампанію ліцэнзаваньня гандляроў меркавалася завяршыць яшчэ летась, у траўні, аднак большасьць прадпрымальнікаў тады байкатавала яе. Таксама нагадаю, што да агульнанацыянальнага пратэсту супраць гэтай кампаніі зь 1 траўня 2004 году беларускіх бізнэсоўцаў заклікалі тады лідэры страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, якія пазьней былі арыштаваныя і пакараныя турэмным зьняволеньнем за нібыта абразу прэзыдэнта краіны.

Масавае незадавальненьне новым парадкам прымусіла тады ўлады адтэрмінаваць ўвядзеньне ліцэнзаваньня. Аляксандр Лукашэнка ў траўні падпісаў дэкрэт, якім розьнічны гандаль без ліцэнзіяў забараніў зь 1 студзеня 2005 году. Паводле лідэра барысаўскіх гандляроў, экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных сіл Віктара Гарбачова, новы парадак ускладняе прадпрымальніцкую дзейнасьць:

(Гарбачоў: ) “У той час калі пасьведчаньне індывідуальнага прадпрымальніка дзейнічае на тэрыторыі ўсяе краіны, ліцэнзіі мяне прывяжуць да аднаго месца. І калі я пераходжу з рынка на рынак, дырэктар рынку можа на мяне падаць у падатковую інспэкцыю – альбо штраф тут жа трэба плаціць, альбо 50 эўра. Інакш кажучы, гэта поўная абдзіралаўка. Ліцэнзія – гэта лішняя нагода зьдзерці грошы”.

Ліцэнзаваньне пагаршае фінансавыя справы беларускіх гандляроў, аднак у адрозьненне ад леташняга году, пазалеташняга, калі яны неаднаразова страйкавалі, зараз у прадпрымальніцкім асяродзьдзі зацішша. Ці азначае гэта, што іх задавальняе сёньняшняе становішча?

У прадпрымальніцкім асяродзьдзі, як лічаць назіральнікі ды й самі бізнэсоўцы, зараз мае месца пэўная апатыя, якая ёсьць наступствам апошніх палітычных падзеяў у беларускім грамадзтве. Леташнія рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары, што прайшлі пад дыктоўку ўлады, расчаравалі прадпрымальнікаў сваімі вынікамі і яны – ёсьць такая тэндэнцыя – спрабуюць вырашаць свае праблемы не супольна, а найперш самастойна.

Таксама й леташняе зьняволеньне спадароў Леванеўскага і Васільева, якія знаходзіліся ў першых шэрагах змагароў за правы дробных бізнэсоўцаў, паводле іх цяперашніх лідэраў, нэгатыўна адбілася на прадпрымальніцкай актыўнасьці. Як доўга захаваецца гэткая сытуацыя – гандляры ня ведаюць. Гэтак жа складана, на іх думку, спрагназаваць наступствы кампаніі ліцэнзаваньня. Прынамсі, лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка ўпэўнены, што чакаць дабра ад яе ня варта:

(Шумчанка: ) “Ліцэнзіі – гэта мала таго, што гэта чарговы набор, дык гэта вельмі зручны рычаг для ліквідацыі прадпрымальніцтва. Сёньня нясуць пагрозу шматлікія праверкі і вельмі высокія падаткі. Прадпрымальнікі сыходзяць, ня выжываюць, людзей адміністрацыі рынкаў запалохваюць, актывістаў пазбаўляюць месцаў. Гэта будзе год банкруцтва прадпрымальніцтва. Адным словам, бізнэс у Беларусі ня разьвіваецца. Гэта вынік палітыкі Лукашэнкі за дзесяць гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG