Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 1 лютага турыстычныя рэйсы ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі для беларусаў “замарожаныя”


Ігар Карней, Менск 4 студзеня на маскоўскія лётнішчы плянуецца прылёт некалькіх чартэраў, у якіх сярод расейскіх пасажыраў будуць і беларускія турысты. Усе яны вяртаюцца з зоны бедзтва ў Індыйскім акіяне, дзе сярод загіблых лічыцца да паўтары сотні тысячаў карэнных жыхароў і замежных турыстаў. Колькі ўжо грамадзянаў Беларусі вярнуліся дадому пасьля трагедыі ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, і ці з усімі беларусамі, якія яшчэ застаюцца ў акваторыі Індыйскага акіяну, наладжаная сувязь?

Адразу трэба зазначыць, што нават афіцыйная колькасьць беларусаў, якія дагэтуль знаходзяцца ці былі ў Тайляндзе, Інданэзіі, на Мальдывах ці Шры-Ланцы падчас цунамі, досыць прыблізная. Цяпер апэлююць да лічбаў, якія сабраныя з дапамогай турыстычных кампаніяў. Паводле абноўленых дадзеных МЗС, напярэдадні Новага году блізу шасьці дзесяткаў турыстаў ад’ехалі адзначаць Каляды і Новы год ва ўжо згаданыя краіны ад беларускіх турфірмаў.

Між тым, ёсьць зьвесткі, што найменей столькі ж чалавек карысталіся паслугамі расейскіх, украінскіх ці літоўскіх кампаніяў. Пра такія прыклады ведае і кіраўніцтва галіны. Вось што, у прыватнасьці, апавёў старшыня Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга:

(Шульга: ) “Я ведаю такі прыклад: беларуская кампанія працуе з літоўскім партнэрам, які напярэдадні Новага году арганізуе цэнтралізаваны выезд на адпачынак у адну з краінаў, якая ўрэшце пацярпела. Паводле дамовы, кампанія працуе зь літоўскім бокам, і літоўцы ўсіх сваіх агентаў запрасілі ў такі вось тур. У выніку, пра чалавека, які адсюль ад’ехаў, МЗС можа і ня ведаць, бо візу ён адчыняў наўпрост праз Літву, а ў выніку чалавек аказаўся няўлічаны... Пра Расею я ўвогуле маўчу: адтуль масава ад’яжджаюць, бо гэта нашмат таньней”.

Вяртаючыся да пытаньня аб колькасьці тых, хто, мажліва, ужо вярнуўся на радзіму, то, паводле, зноў жа, афіцыйных лічбаў, ад 29 сьнежня, калі ў Маскве прызямліўся першы самалёт Міністэрства надзвычайных сытуацый Расейскай Фэдэрацыі, вярнулася быццам дзевяць чалавек. Пры гэтым ні ў беларускім кансуляце ў Маскве, ні ў МЗС ня хочуць казаць пра канкрэтныя прозьвішчы, называючы толькі першую з тых, хто прыпыніў адпачынак на Шры-Ланцы – гэта Сьвятлана Драздова зь Віцебску, якая без дакумэнтаў і асабістых рэчаў прыляцела якраз 29 сьнежня. Паведамляецца таксама, што зь пяцьцю беларусамі сувязь так і не наладжаная. У гэтым зьвязку толькі ўдакладняецца, што ў сьпісах загіблых яны ня значацца.

А як мяркуюць самі беларусы: ці “адаб’е”прыродная катастрофа жаданьне езьдзіць у той рэгіён? На бліжэйшы месяц гэта можна нават не прагназаваць, а канстатаваць. Рашэньнем Расейскага турыстычнага зьвязу продаж тураў у Тайлянд, Інданэзію і Шры-Ланку замарожаныя да 1 лютага. Што будзе далей – пытаньне адчыненае. Беларусы, наўпрост завязаныя на расейскіх авіяперавозчыках, могуць распаўсюдзіць такое рашэньне і на сябе.

Але ёсьць і такія меркаваньні: калі жаданьне адпачываць у тым рэгіёне што і “адаб’е”, то гэта будзе ня столькі пагроза новага цунамі, колькі парушаная інфраструктура – маўляў, невядома, калі і як уся гэтая сыстэма адновіцца. А адзін з турыстаў і ўвогуле выказаў шкадаваньне, што ня стаў сьведкам такой падзеі: маўляў, такі шторм бывае раз на стагодзьдзе. І тое, што ахвотных наведаць тыя краіны па-ранейшаму будзе шмат – не сумняецца.

(Турыст: ) “Тайлянд – гэта ня толькі Пхукет і дробныя выспы. Тая ж Патайя не пацярпела, той жа Бангкок – там таксама можна адпачываць. Трэба, каб уляглася паніка, каб “рассмакталіся” турысты, каб сьціхлі скандалы. Тайцы вельмі добразычлівыя людзі, але калі кожную хвіліну іх будуць нэрваваць, то, натуральна, да цябе як да турыста нікому ня будзе справы. А бяз гіда складана: што ўбачыш? Пазагараць, пакупацца, да дзяўчат можна і без гіда схадзіць, але ж трэба і зьезьдзіць кудысьці, каб штосьці патлумачылі, паказалі”.
XS
SM
MD
LG