Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Рамантызацыя гэбоўскага тэрору – адлюстраваньне сутнасьці ўлады, якая кіруе цяпер у Расеі і ўплывае на Беларусь”


Сяргей Навумчык, Прага Днямі сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Грызлоў назваў Іосіфа Сталіна “выбітнай” асобай, у якога, праўда, “былі недахопы”. Даволі значная частка беларускага грамадзтва, паводле сацыёлягаў, бачыць у Сталіне ідэал палітыка.

Што імпануе людзям у вобразе Сталіна – пасьля публікацыі мільённымі накладамі “Архіпэлягу ГУЛАГ” і адкрыцьця Курапатаў – на постсавецкай прасторы ? Як такія сымпатыі характарызуюць грамадзтва? На гэтае пытаньне адказвае палітык і гісторык Зянон Пазьняк.

(Зянон Пазьняк: ) “Ёсьць дзьве асноўныя прычыны, чаму цяпер у Беларусі і ў Расеі пачалі хваліць Сталіна.

Першая прычына – у гэтых краінах усталяваная ўлада КГБ. На Беларусі гэта адбылося шляхам прывядзеньня да ўлады маскоўскага стаўленіка КГБ, і потым – шляхам унутранай акупацыі ўлады расейскімі спэцслужбамі. У Расеі КГБ заняў уладу шляхам выкарыстаньня палітычных тэхналёгіяў. Ад пачатку 2004 года – значыць, ад сфармаваньня "гэбоўскай" Думы – улада КГБ у Расеі набыла абсалютны кшталт. У расейскай ідэалёгіі, у СМІ, у літаратуры, у мастацтве адбываецца зараз гераізацыя дзеяньняў ЧК-КГБ.

Рамантызацыя гэбоўскага тэрору, гэбоўскіх разьведчыкаў, шпіёнаў, дывэрсантаў, гэбоўскага "спэцназу", і гэтак далей. Адным словам, гераізуецца дух сталіншчыны. Усё гэта ёсьць адлюстраваньне сутнасьці ўлады, якая кіруе цяпер у Расеі і ўплывае на Беларусь. "Сталин – наша слава боевая", як некалі сьпявалі ў савецкай песьні.

Такім чынам, прычына ў тым, што вярнулася сталінская ўлада.

Другая прычына – агульнаграмадзкая і больш глыбокая. Сталіна хочуць там, дзе людзі адчуваюць, што ў грамадзтве няма сацыяльнай справядлівасьці, што законы ня дзейнічаюць, і што чалавек ня можа дамагчыся праўды.

Адначасна гэты чалавек бачыць, што цэлыя групы людзей на беззаконьні й несправядлівасьці беспакарана будуюць свой дабрабыт. У бясьсільнага чалавека ўзьнікае тады эгалітарная рэакцыя справядлівасьці, гэта значыць, жаданьне хутка дасягнуць справядлівасьці праз пакараньне лепшых і непадобных на яго. Ці вінаватых, па ягонай ацэнцы. Такім чынам ён спадзяецца адразу аднавіць справядлівасьць, нічым не рызыкуючы. Бо зрабіць гэта мог бы Сталін, альбо нехта іншы, падобны да Сталіна, які б стаў караць і расстрэльваць вінаватых.

Пра ГУЛАГ, тэрор, рэпрэсіі такі прыхільнік Сталіна ведае, ён чуў пра гэта, але думае, што яго гэта абміне, бо ён – за Сталіна. Такі чалавек, дарэчы, потым, перад расстрэлам, стоячы на краі расстрэльнай ямы крычаў "Да здравствует Сталин!", альбо няўцямна пытаўся – "За что?", як у Курапатах.

На пачуцьці эгалітарнай справядлівасьці абапіраліся ўсе дыктатары ва Ўсходняй Эўропе, ад Сталіна да Лукашэнкі. Гэта галоўная сацыяльна – псыхалягічная матывацыя ў людзей, якія жадаюць новага Сталіна, Гітлера, Чаўшэску, і ўвогуле караючага дыктатара. Яна ў аснове ўсіх аргумэнтацыяў жаданьня Сталіна.

Зьвярніце ўвагу, што ў краінах, дзе дзейнічаюць і паважаюцца справядлівыя законы, дзе чалавек не паніжаны, – там дыктара-каральшчыка не жадаюць. Там увогуле не характэрная эгалітарная сьвядомасьць. Людзі імкнуцца раўняцца па лепшым, па вышыні, а не па нізе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG