Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншаваньне з Калядамі і Новым годам ад Рады БНР


RFE/RL Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла даслала калядныя і навагоднія віншаваньні слухачам беларускай службы Радыё Свабода.

Дарагія суродзічы беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую Вас з Каляднымі сьвятамі і надыходзячым новым 2005-м годам.

Прайшоў яшчэ адзін год, змарнаваны дыктарарскім рэжымам. Быў ён, магчыма, яшчэ горшым за папярэднія – бо падроблены рэфэрэндум згасіў нават у аптымістаў агеньчык надзеі на зьмену і адраджэньне.

Але мы ня маем права, дарагія суродзічы, падаць духам. Тут справа ўжо ня ў выбары між рознымі поглядамі на будучыню нашай краіны, тут справа ў існаваньні ці неіснаваньні нашай дзяржавы і нашага народу. Ад Вас залежыць сёньня ня толькі Вашая будучыня, але і будучыня Вашых дзяцей і ўнукаў. І будучыня нашай Бацькаўшчыны – Беларусі!

Дзякуючы змаганьню патрыётаў, якія вераць у лепшую будучыню Беларусі, шмат было зроблена і ў гэтым годзе. Некаторыя падзеі, незалежныя ад нас, дапамаглі ў гэтым змаганьні. Фальсыфікацыя выбараў ва Ўкраіне і паводзіны Пуціна падчас і пасьля іх паказалі сьвету сапраўдны твар Масквы, сапраўдныя намеры яе ў дачыненьні да сваіх славянскіх суседзяў. Між іншым, хачу падкрэсьліць тут заяву Пуціна, што, маўляў, рускамоўе украінцаў дае яму права мяшацца ў выбары гэтай суседняй краіны. Спадзяюся, што задумаюцца над гэтай заявай тыя беларусы, якія дасюль не зразумелі, чаму іх цягам дзьвюх стагодзьдзяў так жорстка русыфікавалі.

Дарагія суродзічы, добразычлівы сьвет гатовы дапамагчы Беларусі стацца вольнай дэмакратычнай беларускай дзяржавай, за існаваньне якой Рада Беларускай Народнай Рэспублікі змагаецца і будзе змагацца, пакуль не дасягне гэтае мэты.

Хачу сёньня прасіць Вас далучыцца да гэтага змаганьня. У гэтыя калядныя і навагоднія сьвяты гэта ёсьць маім найбольшым жаданьнем. Героям, якія ўжо далучыліся, зычу трываласьці і сілаў. Усім іншым зычу перамагчы страх, які яшчэ трымае наш народ у няволі. Разам мы пераможам усе цяжкасьці.

Жыве Беларусь

Івонка Сурвіла
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG