Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская пракуратура скончыла сьледзтва супраць беларускай “Нівы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня Беластоцкая пракуратура скончыла сьледзтва ў справе выдаўцоў газэты беларусаў Польшчы “Ніва” – кіраўніцтва “Праграмнай Рады тыднёвіка “Ніва”. Пракуратура накіравала ў суд справы двух чальцоў Рады, рэшта, паводле сьледчых, невінаватыя.

Пад сьледзтвам у справе “Нівы” знаходзяцца 11 чалавек – чальцоў Праграмнай Рады тыднёвіка. Як паведаміла беларускай Свабодзе галоўны пракурор пракуратуры Беласток-Поўдзень Бажэна Кішло, двое зь іх пакуль не азнаёміліся з матар’яламі сьледзтва – таму яны са справы часова выключаныя, што да рэшты, дык пракуратура пастанавіла наступнае:

(Кішло: ) “У справе 9 асобаў мы накіравалі справу ў суд. Прычым, у справе 7 мы просім пра ўмоўнае спыненьне справы, а справы дзьвюх асобаў – гэта былы старшыня Праграмнай рады і галоўная бугальтарка – будуць разгледжаныя судом дадаткова”.

Паводле спадарыні Кішло, дзеяньні 7 асобаў з Праграмнай Рады не былі шкодныя для грамадзтва, гэтыя людзі ніколі не прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці і, акрамя гэтага, актыўна працавалі на карысьць беларускай меншасьці, таму пракуратура лічыць, што іх справы варта спыніць. Бажэна Кішло падкрэсьліла, што такое спыненьне магчымае, калі грамадзянам пагражае ня болей за тры гады зьняволеньня.

Якое пакараньне пагражае былому старшыні Праграмнай рады і галоўнай бугальтарцы спадарыня пракурор сказаць адмовілася, але зь яе словаў можна зрабіць выснову, што гэта больш за тры гады.

Прафэсар Яўген Мірановіч, які быў старшынём Праграмнай Рады “Нівы” у 2001-2002 гадох – а менавіта гэтага часу тычыцца сьледзтва – даведаўся пра рашэньне пракуратуры ад нашага радыё. Спадар Мірановіч сказаў, што дагэтуль ня ведае, у чым ягоная віна, але цешыцца, што сямёра ягоных калегаў усё ж прызнаныя невінаватымі:

(Мірановіч: ) “Калі справу накіравалі ў пракуратуру, я ўжо тады ведаў, што дзеля гэтага ўсё і пачыналася, каб як найбольш было шуму– калі дыскрэдытоўваць, то ўжо да канца. Відаць, не нашлі нават самых дробных сьлядоў злачынства, таму ў справе астатніх справу спынілі. Але як жа апраўдаць рэпрэсіі супраць усіх нас, што былі цягам 2 гадоў? Таму трэба хоць каго-небудзь пакараць”.

Нагадаем, што чальцоў Праграмнай Рады тыднёвіка Ніва абвінавацілі ў няправільным выдаткаваньні датацыі Мінсітэрства культуры на выхад “Нівы”. Пры гэтым пракуратура прызнала, што ніводзін грош ня зьнік. Справа ў тым, што датацыя нярэдка прыходзіць у сакавіку-красавіку, а цалкам выдаць яе, паводле правілаў, неабходна да канца кастрычніка. Каб забясьпечыць рэгулярны выхад газэты яшчэ і ў лістападзе-лютым, даводзілася неяк расьцягваць грошы на ўвесь год, што і было прызнанае парушэньнем. Адметна, што спонсар “Нівы” – Міністэрства культуры Польшчы – афіцыйна заявіла, што ніякіх прэтэнзіяў да выдаўцоў тыднёвіка ў сувязі з гэтым ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG