Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прысуд Марынічу — гэта сыгнал усяму грамадзтву на наступныя пяць гадоў” – вядомыя беларускія палітыкі камэнтуюць прысуд


Ганна Соусь, Менск Вядомыя беларускія палітыкі камэнтуюць прысуд экс-амбасадару Беларусі ў Латвіі і былому міністру замежнаэканамічных сувязяў Міхаілу Марынічу. Меркаваньні Васіля Лявонава, Вінцука Вячоркі, Аляксея Караля і Паўла Севярынца.

Прысуд, вынесены ўчора Міхаілу Марынічу, — пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць гэта выключна палітычным рашэньнем:

(Вячорка: ) “Зразумела, што яно прымалася не судом. Рассыпалася бальшыня абвінавачаньняў, якія Марынічу выстаўлялі. Засталося толькі абвінавачаньне, якое таксама на гліняных нагах — прысваеньне маёмасьці грамадзкай арганізацыі. Гэтае палітычнае рашэньне сьведчыць пра вялікі страх Аляксандра Лукашэнкі перад дэмакратычнымі сіламі, дэмакратычнымі лідэрамі і пасьля вядомага спэктаклю 17 кастрычніка, і пасьля ўкраінскіх падзеяў”.

А вось меркаваньне былога калегі Міхаіла Марыніча і экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава, якога ў свой час асудзілі да 4 гадоў пазбаўленьня волі і канфіскацыі маёмасьці:

(Лявонаў: ) “Гэта палітычная замова альбо загад самаго кіраўніка дзяржавы. Вось такія ў нас усе суды, калі справа тычыцца палітыкі”.

А намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Аляксей Кароль тлумачыць такі жорсткі прысуд Міхаілу Марынічу страхам кіраўніка Беларусі перад будучым супернікам на прэзыдэнцкіх выбарах:

(Кароль: ) “Ён успрыняты занадта ўсур’ёз, і яго такім чынам выдаляюць звонку, як былі выдаленыя ўсе папярэднікі, якіх Лукашэнка лічыў найбольш верагоднымі і найбольш небясьпечнымі для сябе канкурэнтамі на прэзыдэнцкую пасаду. Гэта ёсьць рэпрэсіі, гэта ёсьць застрашаньне бюракратыі. Гэты прысуд цяпер абмяркоўваюць у вэртыкалі, прыгадваючы ўсе тыя абставіны, — калі і як увайшоў Марыніч у вэртыкаль і чаму ён зь яе выйшаў”.

Лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец гэтаксама лічыць, што такі жорсткі прысуд выкліканы тым, што рэжым баіцца людзей, якія выступаюць супраць яго:

(Севярынец: ) “Рэжым баіцца палітыкаў, якія могуць скласьці пэрсанальную альтэрнатыву Лукашэнку. І безумоўна, у асобе Марыніча рэжым хоча стварыць такі сымбаль, каб запалохаць… Пяць гадоў Марынічу — гэта пяць гадоў, якія “сьвецяць” нам з наступным прэзыдэнцтвам Лукашэнкі, калі на наступных “выбарах” у 2006 ці 2005 годзе людзі падтрымаюць Лукашэнку. Таму гэта сыгнал усяму грамадзтву на наступныя пяць гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG