Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Глеб не ўяўляе сабе Новага году безь сям’і й бязь Менску


Ул. інф. Паводле футбаліста нямецкага “Штутгарта”, менчука Аляксандра Глеба, адыходзячы 2004 год быў надзвычай удалым для яго як у прафэсійным, так і ў асабістым пляне. Само навагодняе сьвята Аляксандар Глеб па традыцыі сустракае дома ў Менску.

Напярэдадні ў інтэрвію нямецкаму друку лідэр нямецкага “Штутгарта”, які сёлета, паводле такіх зорак як Франц Бэкэнбаўэр і Карл-Гайнц Румэнігэ, названы лепшым дрыблерам бундэслігі, заявіў, што не ўяўляе сабе гэтага сьвята дзе-небудзь па-за Менскам.

“Я радуюся гэтаму спатканьню з роднымі як вар’ят. Гэта заўсёды цудоўна. Увечары заўсёды ў мой бацькоўскі дом прыходзяць мае цёткі, дзядзька, сябры і суседзі. Усяго прыкладна чалавек 30. Мы сядаем за вялікі стол. Тут і мяса, і рыба, і ікра, і бульба, шматлікія салаты і шмат чаго іншага. Канечне, віно і гарэлка. Аднак я ня п’ю гарэлкі. Яна мне не падабаецца. У лепшым выпадку ў гэты вечар я дазваляю сабе шклянку віскі.

У нашай хаце шмат пяюць і танчаць. Аднак гэта таксама не маё. Я больш ахвотна здымаю гэта на відэакамэру. Потым, калі ўсё гэта глядзіш, заўсёды шмат сьмяесься. Таксама ў гэты навагодні вечар мы дорым адзін аднаму шмат падарункаў”.

Паводле Аляксандра Глеба, адыходзячы 2004 быў для яго пасьпяховым. Ягоны клюб “Штутгарт” добра стартаваў у першым туры чэмпіянату Бундэслігі і ў гульнях на кубак УЕФА. Новы трэнэр Штутгарта Матыяс Замер лічыць Глеба лідэрам каманды і заўсёды раіцца з футбалістам перад кожным матчам.

На бліжэйшы час Глеб не зьбіраецца пераходзіць у нейкую іншую каманду, нягледзячы на нядаўнія настойлівыя прапановы маскоўскіх і лёнданскіх трэнэраў. “Я столькі намаганьняў прыклаў, каб заняць адпаведную пазыцыю ў Бундэслізе, што зараз проста не ўяўляю сабе, як гэта можна пакінуць Штутгарт”, кажа Глеб у інтэрвію нямецкім журналістам.

Сярод іншых важных дасягненьняў 2004 года Глеб называе знаёмства з горнымі лыжамі і дзяўчынай Алінай. Некалькі тыдняў таму ў Аўстрыйскіх Альпах ён упершыню адкрыў для сябе гэты спорт. З Алінай Глеб пазнаёміўся некалькі раней. Яна – румынка паводле паходжаньня, жыве і працуе ў Парыжы. У горадзе Штутгарце праходзіла практыку ў адной са стаматалягічных клінікаў. Адпачынак на гарналыжным курорце быў ініцыятывай Аліны дый таксама мэнэджэра Глеба – Шпілеўскага, якога мянчук лічыць амаль сваяком.
XS
SM
MD
LG