Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Складальніца беларускіх календароў Ганна Запартыка: “Адсутнасьць круглае даты Рыгора Барадуліна ў календарах — прыкрая выпадковасьць”


Валянціна Аксак, Менск У беларускіх календарах на 2005 год — “Родны край” і “Асьветнікі Беларусі”, выдадзеных дзяржаўным выдавецтвам “Беларусь”, няма згадкі пра дзень абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, а таксама датаў перамогаў беларускага войска над захопнікамі з Расейскай імпэрыі, юбілейных датаў вядомых дзеячоў сучаснае культуры, улучна з 70-годзьдзем народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Патлумачыць гэта нашая карэспандэнтка папрасіла складальніцу календароў дырэктарку Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Ганну Запартыку.

Спадарыня Запартыка патлумачыла нашаму радыё, што ў каляндар, паводле дзейнага палажэньня, не патрапляюць тыя гадавіны, якія не сканчаюцца на лічбы 5 альбо 0. З гэтай прычыны, як сьцьвярджае Ганна Запартыка, і няма згадак на старонках “Роднага краю” ды “Асьветнікаў Беларусі” пра дзень абвяшчэньня БНР ды датаў гістарычных бітваў.

(Запартыка: ) “Даты гістарычныя, нейкія бітвы ў такім выпадку я прапускаю. Някруглыя даты яны не дадуць, нават калі я пастаўлю”.

На маё пытаньне пра адсутнасьць у календарах значных датаў жыцьця некаторых сучасных дзеячоў беларускае культуры Ганна Запартыка патлумачыла:

(Запартыка: ) “Для асобаў юбілейныя даты — 50, 60, 70, а далей празь пяць гадоў”.

Паводле гэтага тлумачэньня, на старонцы 1 студзеня мусіў быць запіс пра 60-годзьдзе знанае беларускае пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, а на старонцы 24 лютага — пра 70-годзьдзе народнага паэта Рыгора Барадуліна. Аднак — няма. На пытаньне чаму, спадарыня Запартыка сказала:

(Запартыка: ) “У маёй картатэцы, зразумела ж, ёсьць. Але ведаеце, магло гэта выпасьці пры наборы альбо ў нас, альбо ў выдавецтве. Калі 365 дзён — і вельмі і вельмі многа імёнаў, і правяраеш пасьля карэктараў, відаць, не заўважыла проста”.

Ганна Запартыка таксама спасылалася на шматлікія цяжкасьці ў справе складаньня беларускіх календароў, з прычыны якіх яна ня хоча надалей гэтым займацца:

(Запартыка: ) “Трэба, каб спэцыяльны чалавек сядзеў. Я ўжо казала ў выдавецтве: раз вы заняліся каляндарамі, трэба, каб у вас быў чалавек, які б займаўся толькі гэтым. Я ж на аматарскім узроўні гэта раблю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG