Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі вітаюць 2005 год з большым аптымізмам, чым 2004


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Багатым на падзеі быў мінулы год і ў Польшчы. Якім быў 2004-ты для нашых заходніх суседзяў?

“Полькі, палякі, эўрапейцы, вітаю вас у нашай супольнай Эўропе!” – гэтыя словы прэзыдэнта Квасьнеўскага, што прагучалі ў першыя хвіліны сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе, палякі будуць памятаць яшчэ вельмі доўга, бо гэтая падзея паўплывала на жыцьцё кожнага – толькі ў рознай ступені.

Пасьля 1 траўня польская гаспадарка пачала разьвівацца хутчэй, павялічыўся аб’ём экспарту, перадусім сельскагаспадарчай прадукцыі, палякі атрымалі магчымасьць працы на роўных у некалькіх заходніх краінах, але на некалькі адсоткаў падвысіліся і цэны.

Выглядае, што сёлета Варшава наблізілася да адной са сваіх асноўных мэтаў, зьвязаных з сяброўствам ў Эўразьвязе – быць экспэртам і пасярэднікам у вызначэньні ўсходняй палітыкі Аб’яднанай Эўропы.

І калі ў выпадку Беларусі, нягледзячы на шматлікія намаганьні, дамагчыся пералому ў сытуацыі ў краіне пасьля выбараў і рэфэрэндуму не атрымалася, дык ва Украіне польская палітыка спраўдзілася добра.

Адыходзячы год можна назваць яшчэ годам імклівага ўпадку польскіх посткамуністаў. Саюз левых дэмакратаў – кіруючая партыя, якая тры гады таму выйграла парлямэнцкія выбары, у наступным годзе можа нават не трапіць у Сэйм.

У афіцыйных польска-беларускіх дачыненьнях нічога сёлета ў лепшы бок не зьмянілася: у Варшаву ўпершыню за шмат гадоў меўся прыехаць прэм’ер Беларусі, але акурат напярэдадні пільныя беларускія спэцслужбы злавілі нібыта польскага шпіёна, і візыт адмянілі.

Для беларусаў Польшчы, бадай, найбольш значнай і, на жаль, непрыемнай справай сталіся растыражаваныя абвінавачаньні на адрас выдаўцоў тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” у фінансавых парушэньнях.

А ўвогуле, як сьведчаць дадзеныя апошніх апытаньняў, 2005 год палякі вітаюць са значна большым аптымізмам, чым год 2004.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG