Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Машэрава ў 2004 годзе як палітык пазбавілася многіх ілюзій


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары знаёміць сваіх чытачоў з уражаньнямі некаторых вядомых людзей Беларусі пра 2004 год. Былы прэм’ер-міністар Уладзімір Ярмошын лічыць адыходзячы год складаным з той прычыны, што зараз даводзіцца яму жыць у эміграцыі. Спадар Ярмошын працуе ў Маскве і спадзяецца, што там ён усё ж часовы работнік, паколькі амаль усё ранейшае ягонае жыцьцё было зьвязанае, як падкрэсьлівае экс-прэм’ер, зь Беларусьсю. Цяжкім называе адыходзячы год і экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава. Паводле спадарыні Машэравай, у 2004 годзе як палітык яна пазбавілася многіх ілюзій. І найперш зразумела, што для дасягненьня нейкіх вынікаў у палітыцы мала асабістага жаданьня.

“Кур’ер з Барысаву” ў сьвежым нумары паведамляе пра пераднавагоднюю ініцыятыву мясцовых камунальных службаў, зьвязаную са спагнаньнем даўгоў з барысаўчанаў. У прыватнасьці, звыш тысячы чалавек маюць тут завінавачанасьць перад прадпрыемствам “Барысаўміжрайгаз”. Гэтае прадпрыемства, што гандлюе газам, змагаецца з неплацельшчыкамі, як піша “Кур’ер”, пры дапамозе гаечнага ключа і зварачнага апарату. Дзьве сям’і, напрыклад, былі адключаны ад газавай сыстэмы 27 сьнежня, і таму Новы год яны ў ліку іншых нядобрасумленных спажыўцоў мусяць сустракаць без блакітнага паліва. У цэлым жа ў Барысаве за 2004 год, паводле выданьня, газавае прадпрыемства пакарала гэткім чынам каля чатырох соцень мясцовых карыстальнікаў газа.

Пераднавагодняй ініцыятывай вызначыліся і талачынскія ўлады. Як паведамляе “Віцебскі кур’ер”, райвыканкам правёў тут днямі сход, дзе разглядалася кадравая сытуацыя ў Талачынскім раёне. Як прагучала на гэтым сходзе, тут вельмі старэюць кадры. У раёне зь ліку райвыканкамаўскіх чыноўнікаў і старшыняў выканкамаў пасялковых і сельскіх саветаў усяго адзін чалавек мае ўзрост да 30 гадоў. Няма ніводнага начальніка ва ўзросьце ад 30 да 40 гадоў. Астатняе начальства мае пасьлясаракагадовы ўзрост. Ёсьць тут нават чыноўнікі-пэнсіянэры. Дэфіцыт кваліфікаваных кіраўнікоў у Талачынскім раёне, як робіць выснову “Віцебскі кур’ер”, адбіваецца на справах той ці іншай сфэры. Напрыклад, аграпрамысловы комплекс мае тут каля 40 вакантных месцаў спэцыялістаў. Вялікія цяжкасьці з камплектацыяй кадрамі адчувае і тутэйшая мэдычная сфэра. Напрыклад, за 2004 год у Талачынскі раён, паводле выданьня, прыехаў на працу толькі адзін дыплямаваны лекар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG