Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ў заражаных радыяцыяй паселішчах людзі не імкнуцца праверыць сваё харчаваньне


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Хойніцкае раённае спажывецкае таварыства асвоіла такі від паслуг мясцоваму насельніцтву, як праверка харчовых прадуктаў на радыяцыю. Аднак асаблівым попытам паслуга не карыстаецца.

Мясцовыя жыхары вязуць харчы на праверку ў лябараторыю спажывецкага таварыства пераважна толькі тады, калі прапануюць іх на продаж. Напрыклад, ялавічыну, сьвініну ці гародніну з прысядзібных участкаў.

Для сябе асабіста ініцыятывы жыхары Хойнікаў ды суседніх вёсак апошнім часам рэдка правяраюць харчы на радыяцыю — нягледзячы нават на тое, што каштуе адно дасьледаваньне ўсяго 500 рублёў.

Гаворыць інжынэр-радыёляг раённага спажывецкага таварыства Людміла Малянок:

(Малянок: ) “Людзі сталі меней зьвяртаць увагі на радыяцыю, таму і скарачаюцца звароты да нас. Людзі ўжо прывыклі”.

Ня надта часта месьцічы з уласнай ініцыятывы карыстаюцца паслугамі і іншых радыялягічных лябараторыяў, у прыватнасьці, Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі й вэтэрынарнай лячэбніцы. Цікаўлюся ў жыхаркі Хойнікаў, няўжо не турбуе наяўнасьць радыяцыі ў харчах?

(Куліцкая: ) “Э, мы ўжо набраліся, дык нам абыякава. Ё яна, радыяцыя, ці нямашака, нам ужо ўсё адно”, — патлумачыла Ніна Куліцкая, жыхарка Хойнікаў.

Зрэшты, падобныя меркаваньні пра ўласнае харчаваньне мне даводзілася чуць і ў многіх іншых паселішчах, заражаных радыяцыяй. Распавядае маладая маці Алена зь вёскі Тумарын Веткаўскага раёну:

(Алена: ) “Якая нам розьніца — ад голаду паміраць альбо ад радыяцыі. Ёсьць адрозьненьне? У прынцыпе, ніякага. Усё адно есьці давядзецца”, — кажа спадарыня Алена. Паводле яе, бяз харчу з уласнага падворку людзям на заражаных тэрыторыях проста ня выжыць. Таму яны асабліва і не імкнуцца даведацца, наколькі небясьпечнае іх харчаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG