Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя разагнала “аранжавых” у парку Янкі Купалы, затрымала каля 20 чалавек


Алесь Дашчынскі, Менск Менская міліцыя не дазволіла сёньня правесьці ў Менску акцыю былых удзельнікаў аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Затрыманыя каля 20 удзельнікаў акцыі, сярод якіх сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч, намесьнік Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч і карэспандэнтка газэты “Народная воля” Вольга Класкоўская. Пасьля затрыманьня іх адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Пратрымаўшы ў пастарунку паўтары гадзіны, усіх адпусьцілі.

Нам удалося зьвязацца па тэлефоне з Марынай Багдановіч, якая цяпер разам з іншымі затрыманымі. Яна распавяла, што на затрыманых былі складзеныя пратаколы, у іх бяруць адбіткі пальцаў, здымаюць на відэа.

(Багдановіч: ) “Усіх забралі, для іх было самае важнае спыніць акцыю, каб не было відаць, што там раздаецца аранжавае. Яны ж баяліся, што там прэзыдэнт у палацы. Не разумеюць, чаму мы віншавалі менчукоў з тым, што перамог Юшчанка ва Ўкраіне”.

Яшчэ за гадзіну да пачатку акцыі ў парку Янкі Купалы і ля дома вэтэранаў зьявіліся некалькі аўтобусаў з міліцыянтамі. Пераапранутыя ахоўнікі парадку несьлі дзяжурства па ўсёй тэрыторыі парку. Перад пачаткам акцыі Марыне Багдановіч, актывістцы АГП, якая выступае асноўным арганізатарам, патэлефанаваў падпалкоўнік Сяргей Гірэль, прадстаўнік менскай міліцыі. Ён папярэдзіў, калі толькі хто з удзельнікаў акцыі праявіць актыўнасьць, разгорне намёт, які прывезьлі з Кіева, ці плякаты, то гэтых грамадзянаў адразу будуць затрымліваць.

У зьвязку з гэтым арганізатары акцыі вымушаныя былі адмовіцца ад пэўнай часткі плянаванай праграмы, каб не сапсаваць яе ўдзельнікам навагоднія сьвяты. Аднак у праграме, як сказала Марына Багдановіч, засталася гародніна. Нагадаю, што меркавалася аднесьці да Адміністрацыі прэзыдэнта аранжавы гарбуз і папрасіць ахову, каб тая перадала яго прэзыдэнту Лукашэнку.

У парку Янкі Купалы сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Як толькі тут зьявілася Марына Багдановіч і іншыя ўдзельнікі з аранжавымі балёнікамі, стужкамі, сьцяжкамі да іх падышоў падпалкоўнік Гірэль і папярэдзіў, што акцыя ў парку Янкі Купалы не дазволеная ўладамі. Ён запатрабаваў, каб усе пакінулі парк.

Удзельнікі акцыі паводзілі сябе мірна і накіраваліся ў бок цырку. Але ў гэты час іх акружылі міліцыянты ў цывільным і пачалі зацягваць у мікрааўтобусы.

Старшыня АГП Антатоль Лябедзька, які зьявіўся ў парку празь некалькі хвілінаў пасьля затрыманьня ўдзельнікаў акцыі, так пракамэнтаваў дзеяньні міліцыянтаў.

(Лябедзька: ) “Гэта калядныя навагоднія падарункі з боку беларускіх уладаў. Я думаю, што памаранчавы колер хутка будзе ў Беларусі пад забаронай. Таму што калі людзей бачаць з гэтым колерам, іх забіраюць. Я думаю, што гэта на вялікі жаль, дрэнна стасуецца з сытуацыяй, якая адбываецца вакол Беларусі. Гэта проста абсурд”.

***

На дзявятую гадзіну вечара ўсіх затрыманых удзельнікаў сёньняшняй “памаранчавай” акцыі ў Менску, а іх было каля 20 чалавек, адпусьцілі з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі.

Сярод затрыманых былі актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч, намесьнік старшыні Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, маладафронатвец Артур Фінкевіч, карэспандэнтка газэты “Народная воля” Вольга Класкоўская, двое актывістаў, апранутых у строі Дзядоў марозаў, трое непаўнагадовых, і іншыя.

Усе затрыманыя правялі ў райаддзеле амаль паўтары гадзіны. У іх былі ўзятыя тлумачэньні, адбіткі пальцаў, некаторых здымалі на відэа. Затрыманых суправаджаў падпалкоўнік менскай міліцыі Сяргей Гірэль.

Вось як патлумачвае дзеяньні міліцыіянтаў намесьнік старшыні Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч.

(Дашкевіч: ) “Прэвэнтыўнае затрыманьне. У іх, відаць, была такая стратэгія на сёньняшнюю акцыю – менавіта затрымаць да ўсіх падзеяў, каб нічога не здарылася. Ніякіх транспарантаў, лёзунгаў не было, людзі былі па сьвяточнаму апранутыя, у аранжавых колерах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG