Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28.12.2004: Колькасьць ахвяраў ад цунамі – 30,000 чалавек, але лічба можа вырасьці да 50,000


Сьвятлана Курс, Прага Праз два дні пасьля землятрусу й хвалі цунамі, якія разбурылі ўзьбярэжжы краінаў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, лік ахвяраў склаў больш за 30 тысячаў і, на думку спэцыялістаў, узрасьце да 50 тысяч. Міжнародныя арганізацыі і ўрады сьпяшаюцца даставіць ежу й пітную ваду ў раёны катастрофы, уратаваць жывых. ААН папярэдзіла, што ёсьць небясьпека эпідэміяў ад бруднай пітной вады і раскладаньня целаў загінулых.

Пацярпелыя краіны ад Інданэзіі да Шры-Ланкі працягваюць лічыць сваіх мёртвых. І лік будзе ўзрастаць тысячамі, бо ратаўнікі знаходзяць ўсё новыя целы загінулых.

Вэла, 42-гадовая ўдава з індыйскага штату Таміл Наду, кажа, што цунамі за 60 сэкунд зьнішчылі тры пакаленьні яе сям’і.

(Вэла: ) “Я страціла маці, бабулю і ўнука ў гэтых хвалях. Тры дамы майго роду праглынула хваля. Усіх іх забрала мора”.

Аднак, нягледзячы на сваё гора, Вэла – як сотні тысячаў тых, хто ацалеў у цунамі – пачынаюць барацьбу за выжываньне.

Выратавальнікі з усяго сьвету сьпяшаюцца ў Паўднёва-Ўсходнюю Азіі, каб пераняць другую бяду – голаду і эпідэміяў.

Катастрофа закранула вялізныя тэрыторыі – Шры-Ланку, Індыю, Тайлянд, Інданэзію, Мальдывы і Малайзію.

Падразьдзяленьне ААН у справах каардынацыі гуманітарных апэрацыяў (OCHA) заявіў, што бедзтва будзе каштаваць мільярды даляраў. Гаворыць спэцыяліст OCHA Ар’юн Каток:

(Каток: ) “Я б сказаў, што гэтая катастрофа запатрабуе найбольшых намаганьняў і дапамогі, якія ААН ўдзяляла на працягу дзесяцігодзьдзяў, а можа быць і ўвогуле за ўсю сваю гісторыю”.

Сотні самалётаў ад ААН з мэдыкамэнтамі й намётамі прыляцяць у раёны катастрофы да чацьвярга. Дапамагчы жадаюць ЗША, Японія, Расея, Эўразьвяз, Чырвоны Крыж і Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.

З ацэнак OCHA, толькі на высьпе Шры-Ланка, дзе загінула 18 тысяч чалавек, мільён чалавек стаяць перад пагрозаю голаду і эпідэміяў.

Людзям патрэбная мэдычная дапамога, ежа і дах над галавой, але найбольшая праблема – пітная вада. Вялікая колькасьць непахаваных целаў – таксама вялікая праблема. У трапічным клімаце целы раскладваюцца вельмі хутка, і ёсьць рызыка заражэньня, якое магло б выклікаць сьмерць непараўнальна большай колькасьці людзей, чым цунамі.

Асабліва гэтая небясьпека пагражае дзецям.

Міжнародная дабрачынная арганізацыя “Мэдыкі бязь межаў” (MSF) ужо паслала шматлікі мэдычны штат у раёны бедзтва. Спэцыяліст MSF Коан Гэнкартс цьвердзіць:

(Гэнкартс: ) “Першай пагрозай ёсьць дыярэя, бо там не засталося чыстай пітной вады, таму можа настаць і эпідэмія халеры. Потым, з-за наплыву вады, будзе назірацца размнажэньне маскітаў. Ад іх можа ўзьнікнуць эпідэмія малярыі і гемарагічнай ліхаманкі. Там якраз сэзон гемарагічнай ліхаманкі, што можа пацягнуць цяжкія наступствы для насельніцтва”.

Сьпіс ахвяраў цунамі і хваробаў асабліва вялікі, таму што ў пацярпелых краінах цягам апошніх 50 гадоў адбываўся дэмаграфічны выбух. Ён суправаджаўся ростам нястачы, так што краіны ня маюць уласных сродкаў для пераадоленьня вынікаў катастрофы. Індыя – адзіная краіна, якая так-сяк магла б абысьціся ўласнымі сродкамі.
XS
SM
MD
LG