Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Знавец пра выбары ва Ўкраіне: “Вось як павінна працаваць участковая выбарчая камісія – тады б у нас такой бязглузьдзіцы не было”


Валер Каліноўскі, Кіеў У Кіеве ўчора пачалі зьяўляцца беларускія актывісты, і даволі шмат – яны былі назіральнікамі на розных участках па ўсёй Украіне, пераважна ва ўсходняй. Яны асабіста не заўважылі нейкіх сур’ёзных парушэньняў на тых участках, дзе яны працавалі.

Паводле іх, усё было сумленна і празрыста, калі былі нейкія парушэньні, то дробныя – кшталту таго, што нехта дапамог сьляпой бабульцы праставіць значок у бюлетэні. Беларускія назіральнікі хацелі, каб гэтак выбары праходзілі і ў Беларусі. Дый большасьць міжнародных назіральнікаў, хіба што апрача дэлегацыі СНД, якая паставіла пад сумнеў легітымнасьць перагаласаваньня другога туру выбараў, таксама перакананыя, што Ўкраіна зрабіла значны крок на шляху дэмакратызацыі выбарчага працэсу і прывядзеньня яго ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі.

Вось што сказаў у інтэрвію “Свабодзе” назіральнік Павал Знавец, былы дэпутат ВС РБ 13 скліканьня:

(Знавец: ) “Я назіраў на ўчастку ў горадзе Сумы – вельмі дэмакратычна ўсё прайшло. Кожны бюлетэнь лічылі, кожны бюлетэнь паказвалі. Усе, хто галасаваў, усе, хто быў унесены ў сьпісы – мёртвыя так званыя душы – усё высьветлілі. Было 18 назіральнікаў. Выснова – так, наколькі тактоўна, наколькі дэмакратычна паводзілі сябе сакратар і сябры камісіі, старшыня – мяне гэта ўражвае. Кожны бюлетэнь дэманстравалі. Мы абкружылі стол – назіральнікаў было болей, чым сябраў камісіі – усё бачылі, паказвалі, глядзелі. Вось нам такой бы дэмакратыі, і паказаць спадарыні Ярмошынай, як павінна працаваць участковая выбарчая камісія – тады б, канечне, у нас такой бязглузьдзіцы не было. Але, я думаю, гэта наперадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўпершыню на Майдане?”

(Знавец: ) “Падчас аранжавай рэвалюцыі ўпершыню. Уражаньне захапляльнае. Дыхаю паветрам свабоды, і адначасова нейкае такое шчымлівае пачуцьцё: няўжо мы зусім такія палахлівыя, бы пацукі пад венікам, што ня можам паказаць сваю годнасьць? Нас падманваюць ужо 10 гадоў, фактычна – хамская ўлада, хлусьня, цынізм, і мы ўсё гэта трываем”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі тут было назіральнікаў ад вашай партыі?”

(Знавец: ) “Са мной рэйсам Харкаў-Калінінград ехала 6 чалавек ад нашай беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Вельмі радыя, вельмі ўдзячныя нам украінцы за кваліфікаваную працу, за тое, што мы выканалі свае абавязкі, і абяцалі дапамагчы нам. Што нашая, беларуская, бел-чырвона-белая рэвалюцыя не за гарамі – яны ў гэтым нас запэўнілі. Усе казалі, што гэта таксама нечакана адбылося, з марша студэнтаў з горада Сумы ўлетку гэтага года. Запалілі іскрынку, і яна дала вось такую рэвалюцыю свабоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG