Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць назіральнікаў прызналі выбары дэмакратычнымі, а назіральнік ад СНД Рушайла лічыць выбары нелегітымнымі


Валер Каліноўскі, Кіеў Міжнародныя назіральнікі зафіксавалі, што перагаласаваньне прайшло нашмат больш дэмакратычна і празрыста, чым папярэднія галасаваньні 31 кастрычніка і 21 лістапада.

Пра гэта заявілі амэрыканскія кангрэсмэны, які знаходзіліся ва Ўкраіне, дэлегацыя Сацінтэрну, а таксама віцэ-сьпікер парлямэнту Расеі Любоў Сліска.

Дысанансам прагучала заява кіраўніка назіральнікаў ад СНД Уладзіміра Рушайлы, які ўвогуле паставіў пад сумнеў легітымнасьць украінскіх выбараў.

Адначасова спадар Рушайла станоўча ацаніў вынікі нядзельных парлямэнцкіх выбараў ва Ўзбэкістане, раней ён пазытыўна ацэньваў ход парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі.

Тым часам сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін ужо даручыў пачаць падрыхтоўку да інаўгурацыі новага прэзыдэнта дзяржавы ў сьценах парлямэнту. Спадар Літвін лічыць неабходным замацаваньне дэмакратычных дасягненьняў апошніх месяцаў праз дэманапалізацыю СМІ і падтрымку дэмакратычных інстытутаў.

Лідэр Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз не выключыў, што будзе ў апазыцыі да прэзыдэнта Юшчанкі, яго непакояць заявы з атачэньня Юшчнакі аб магчымым пераглядзе праекту палітычнае рэформы.

Пра тое, што апазыцыя прэзыдэнту Юшчанку будзе моцнай, матэрыяльна забясьпечанай і агрэсіўнай, заявіў кіеўскі палітоляг Расьціслаў Паўленка. Ён мае на ўвазе рэсурсы камандаў Кучмы і Януковіча.

А ў кулюарах штабу Юшчанкі ўжо называюць прозьвішчы верагодных прэтэндэнтаў на пасаду прэм’ера, першым гучыць прозьвішча вядомага бізнэсоўца і парлямэнтарыя Пятра Парашэнкі.

Першымі з замежных лідэраў прывіталі Віктара Юшчанку з перамогай кіраўнікі Грузіі і Польшчы Міхаіл Саакашвілі і Аляксандар Квасьнеўскі.

Прыхільнікі Віктара Юшчанкі сьвяткуюць ягоную перамогу ў Кіеве і іншых гарадох.

Майдан Незалежнасьці зноў поўны і чакае свайго лідэра, дзе той павінен увечары выступіць са зваротам. Прэсавая канфэрэнцыя ягонага канкурэнта Віктара Януковіча перанесеная на няпэўны тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG