Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі скардзяцца на прадузятае стаўленьне мясцовых чыноўнікаў


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская газэта” ў сьвежым нумары падводзіць вынікі палітычнага году для Беларусі. Штотыднёвік сьцьвярджае, што ў 2004 годзе паглыбілася ізаляцыя краіны на міжнароднай арэне. Прычым у большасьці выпадкаў ініцыятарам абвастрэньня дачыненьняў зь міжнароднай супольнасьцю быў беларускі бок. Першай гучнай падзеяй была забарона беларускімі ўладамі сьвяткаваньня ў менскім цырку далучэньня да Эўразьвязу 1 траўня дзесяці новых краін-сяброў гэтай арганізацыі. Апошняй ня менш гучнай канфліктнай падзеяй, як лічыць выданьне, стала ізаляцыя ад кантактаў са зьнешнім сьветам беларускіх дзяцей, якім улады зрабілі больш жорсткім выезд за мяжу. У гэтай сувязі “Беларуская газэта” не выключае, што палітычнай адметнасьцю наступнага, 2005 году, можа стаць не ізаляцыя беларусаў, як сёлета, а сапраўдная жалезная заслона, што адгародзіць іх ад кантактаў з грамадзянамі іншых краінаў.

“Брэсцкая газэта” ў сёньняшнім нумары паведамляе пра становішча дробнага бізнэсу ў гэтым рэгіёне. Берасьцейшчына займае першае сярод абласьцей месца ў краіне па колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Тут у гэтай сфэры сёньня працуе каля 72 тысяч чалавек. Аднак, як зазначае выданьне, пэрспэктывы іхныя туманныя. Берасьцейскія прадпрымальнікі скардзяцца на прадузятае стаўленьне да іх мясцовых чыноўнікаў. Шматлікія кантралёры ставяцца да іх як да злачынцаў. Дзяржава іх абдзірае як ліпку, караючы штрафамі максымальных памераў. У новым годзе, паводле інфармацыі “Брэсцкай газэты”, такая палітыка ня толькі прадоўжыцца, а й пашырыцца. У прыватнасьці, берасьцейскіх прадпрымальнікаў чакаюць непрыемнасьці ў выглядзе пагаршэньня падатковых умоваў.

“Газэта Слонімская” паведамляе пра дэфіцыт падручнікаў у мясцовых школьнікаў. Пры выкананьні хатніх заданьняў многія вучні мусяць карыстацца імі па чарзе. Бацькі, як зазначае газэта, штогод перад новым навучальным годам сумленна плацяць за карыстаньне падручнікамі, але потым высьвятляецца, што кніг няма. Настаўнікі тады зьвяртаюцца па дапамогу ў раённы аддзел адукацыі альбо ў іншыя школы. Ня толькі свайго Слонімскага, а й суседніх раёнаў–Зэльвенскага, Баранавіцкага. Але й гэта не заўжды вырашае праблему. Карэспандэнт “Слонімскай газэты” правёў расьсьледаваньне, і аказалася, што дэфіцыт справакаваны парадкамі, устаноўленымі “зьверху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG