Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія страхавыя кампаніі абвінавачваюць беларускія ўлады ў нацыяналізацыі рынку страхавых паслугаў, скардзяцца Фрадкову


Ігар Карней, Менск Кіраўнік Расейскага зьвязу страхаўшчыкоў Аляксандар Коваль зьвярнуўся да прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Фрадкова з просьбай неадкладных захадаў супраць беларускіх уладаў, якія праводзяць палітыку поўнай нацыяналізацыі страхавой сыстэмы. У зьвязку з гэтым страты нясуць ня толькі расейскія фірмы, якія ёсьць акцыянэрамі некаторых беларускіх страхавых кампаніяў, але і суб’екты гаспадараньня Расейскай Фэдэрацыі.

Асабліва прэзыдэнт Расейскага зьвязу страхаўшчыкоў Аляксандар Коваль абураны такім фактам: у той час, як урад Расеі зьнізіў кошт полісаў абавязковага страхаваньня грамадзянскай адказнасьці для беларускіх аўтаўладальнікаў, якія ўяжджаюць у Расею, на 60%, беларускі бок без папярэджаньня павялічыў кошт беларускіх полісаў для расейцаў у сярэднім на 100%.

Гэта, паводле Коваля, сьведчыць пра яўнае парушэньне правоў расейскіх інвэстараў, а рашэньні кіраўніцтва Беларусі ставяць пад сумнеў мэтазгоднасьць прысутнасьці расейскіх інвэстараў у страхавым сэктары Беларусі.

Аднак у беларускіх фірмах, якія загадам Аляксандра Лукашэнкі атрымалі манапольныя правы ў справе абавязковага аўтаграмадзянскага страхаваньня і продажу полісаў “Зялёная карта”, запэўніваюць: нават пасьля гэтага прыбыткі ў кампаній невысокія.

Гаворыць намесьніца дырэктара страхавой кампаніі “Белнафтастрах” Вольга Перавоз.

(Перавоз: ) “Страхаўшчыкі, паверце, не “жыруюць” ад страхаваньня. Таму што заяўленыя страты ідуць “пачкамі”. І ў нас нават існуе такая формула: прымай рахункі, плач, але плаці”.

Тым ня меней, прадстаўнікоў Расейскага зьвязу страхаўшчыкоў непакоіць, што ад 1 студзеня 2005 года ўсе віды абавязковага страхаваньня ў Беларусі будуць ажыцьцяўляць толькі дзяржаўныя страхавыя кампаніі, альбо тыя, у статутным фондзе якіх доля дзяржавы займае больш за 50%. Прыватныя страхавыя фірмы, як сьведчаць адмыслоўцы галіны, ужо фактычна выціснутыя з рынку страхавых паслугаў.

Цяпер мэтазгоднасьць знаходжаньня ў Беларусі разглядаюць і расейскія фірмы, якія ў якасьці акцыянэраў шэрагу беларускіх кампаніяў зьявіліся тут у сярэдзіне 90-х. Прынамсі, такія вядомыя расейскія фірмы як “Ингосстрах”, “Согласие” ды іншыя ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі як “неспрыяльную”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG