Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: 2004 год быў багаты на цікавыя выданьні


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Віцебскі кур’ер” у сёньняшнім нумары пад загалоўкам “Аўганскі сындром” зьмяшчае публікацыю пра ўвод у Аўганістан савецкага войска. Заўтра спаўняецца 25 гадоў гэтай падзеі, якая пакінула ў савецкай гісторыі, паводле газэты, змрочны сьлед. Як піша “Кур’ер”, віцебскія дэсантнікі былі ў ліку першых, хто ўварваўся на тэрыторыю чужой дзяржавы. Што думаюць пра аўганскую кампанію яе былыя ўдзельнікі? Артур Мацэюн, напрыклад, лічыць, што ня было патрэбы браць удзел ва ўнутраным канфлікце аўганцаў. А Генадзя Кулажанку з Паставаў накіравалі ўкараняць у гэтай ісламскай краіне ідэі камсамолу. І хаця ён лічыцца прапаўшым бязь вестак, насамрэч, як зазначае віцебскае выданьне, гэты беларускі хлапец прыняў там жудасную сьмерць. Прынамсі, многія з тых, каму пашчасьціла вярнуцца з той вайны, а найперш тыя, хто лічыць яе памылковай і злачыннай – асобы, як вынікае з публікацыі ў Віцебскім кур’еры”, у сёньняшнім беларускім грамадзтве ня заўжды запатрабаваныя.

“Камэрцыйны кур’ер”, які выдаецца ў Бабруйску, друкуе гутарку з начальнікам Бабруйскага гарадзкога аддзелу КГБ Аляксандрам Зяленкам. Найперш спадар Зяленка, як вынікае зь яго тлумачэньня, ня бачыць аніякай аналёгіі ў цяперашніх падзеях ва Украіне й магчымасьці падобнага сцэнару ў Беларусі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Паводле бабруйскага прадстаўніка КГБ, у Беларусі для гэтага няма перадумоваў. Прынамсі, бабруйскія чэкісты, паводле іх кіраўніка, занятыя зараз іншымі праблемамі. У прыватнасьці, тут востра стаяць праблемы эканамічнай бясьпекі, зьвязаныя зь незаконным вывазам у Расею лома каляровых мэталяў. Сёлета, напрыклад, была спынена спроба вывазу з Бабруйску 57 тон лому такога мэталю групай асобаў, якія карысталіся падтрымкай супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Яшчэ адзін супрацоўнік праваахоўных ворганаў быў выкрыты мясцовымі чэкістамі пры вымаганьні хабару.

“Наша ніва” ў сьвежым нумары падае сьпіс найлепшых кніг 2004 году. Фаварытамі, паводле гэтага выданьня, сталі кніга Часлава Пяткевіча “Рэчыцкае Палесьсе”, кніга проза Барыса Пятровіча “Шчасьце быць…” і альбом Аляксандра Аляксеева й Алега Лукашэвіча “Спадчына Беларусі”. Адразу за імі — кніга афарызмаў Сяргея Абламейкі. Дарэчы, паводле “Нашай нівы”, 2004 год ня вызначыўся нейкай асаблівай кнігай-падзеяй, несумненным лідэрам, як гэта было летась з “Краінай Беларусьсю” Арлова і Герасімовіча. Разам з тым, многія з экспэртаў выданьня зазначалі, што год выдаўся багатым на цікавыя выданьні, таму досыць цяжка выбраць дзесятку найлепшых. Яшчэ адной адметнасьцю адыходзячага году, як паведамляе “Наша ніва”, стала павелічэньне колькасьці расейскамоўных кніг, прысьвечаных гісторыі й культуры Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG