Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Сьвіслачы паўстануць тры міні-ГЭС


Юлія Шарова, Менск У Менску пабудуюць тры малыя гідраэлектрарастанцыі на рацэ Сьвіслач. Адпаведны праект будзе рэалізаваны за кошт сродкаў прадпрыемства “Менсквадаканал” ды інвэстыцыяў. Беларускія эколягі лічаць яго пэрспэктыўным, бо такія малыя станцыі лічацца адным з найбольш бясьпечных спосабаў вырабу электраэнэргіі.

Каскад з трох гідраэлектрастанцыяў на рацэ Сьвіслач пабудуюць на водаскідах гідравузлоў менскіх ТЭЦ-2 і ТЭЦ-3 і Менскай станцыі аэрацыі. Сродкі ў гэты праект укладваюць невялікія – каля 800 тысяч даляраў, прычым большую частку грошай дасьць “Менсквадаканал”, а астатнія – гэта 392 тысячы даляраў – давядзецца залучаць інвэстыцыямі.

Як распавёў намесьнік дырэктара па будаўніцтве прадпрыемства “Менсквадаканал” Леанід Марозаў, магутнасьць гэтых станцыяў пакуль ня вызначаная. Праект пакуль у стадыі распрацоўкі ды ўсе тэхнічныя дэталі будуць вядомыя недзе ў траўні 2005 году. Што да экалягічнай экспэртызы праекта, то, са словаў спадара Марозава, з гэтым праблемаў ня будзе.

(Марозаў: ) “Я вас магу запэўніць, што ўсе праекты пройдуць экалягічную экспэртызу. Бо на сёньняшні дзень гэта самая бясшкодная вытворчасьць па выпрацоўцы электраэнэргіі. Як была гідратэхніка самай экалягічна чыстай, так і застаецца. Ва ўсім сьвеце”.

Мой суразмоўца падкрэсьліў, што асаблівай небясьпекі для экалёгіі ад будаўніцтва трох новых міні-станцыяў ня будзе яшчэ й з тае прычыны, што ўзводзяцца яны ўжо на існых вадаскідах ды не патрабуюць зьвядзеньня новых інжынэрных збудаваньняў.

Як эколягі ставяцца да рэалізацыі ў Менску такога праекта, улічваючы тое, колькі размоваў ідзе пра стан ракі Сьвіслач? Кіраўнік Беларускага аддзяленьня Міжнароднай акадэміі экалёгіі Яўген Шырокаў падзяляе меркаваньне аўтараў праекту: на думку эколяга, перашкодаў для будаўніцтва каскада з трох электрастанцыяў няма.

(Шырокаў: ) “Магутнасьць наўрад ці будзе вялікай, але тым ня менш рацыянальны гаспадар выкарыстоўвае ўсе магчымасьці вытворчасьці электраэнэргіі. І малыя ГЭС – адно з такіх дастаткова пэрспэктыўных напрамкаў, я лічу. Беларусь дастаткова пляскатая краіна, і буйныя плацінныя ГЭС у нас, канечне, беспэрспэктыўныя, але малыя ГЭС – так, у прынцыпе, гэта можна”.

На думку эколяга, такіх электрастанцыяў можна пабудаваць і болей па ўсёй краіне. Калісьці, яшчэ пасьля вайны, іх у Беларусі было вельмі шмат, аднак паступова міні-ГЭС пачалі зьнікаць, бо зьявілася магчымасьць браць электраэнэргію з Расеі. На сёньня такіх ГЭС у краіне засталося ўсяго сем. Між тым, мяркуе спадар Шырокаў, малыя гідраэлектрастанцыі маглі б забясьпечваць лякальныя патрэбы ў электраэнэргіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG