Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадаркі Гомельшчыны ня могуць прадаць вырашчаную цыбулю


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць Звыш 15 тысяч тон цыбулі вырашчана сёлета ў Гомельскай вобласьці. Аднак рэалізаваць яе гаспадаркі ня могуць.

Увесну, напярэдадні сумнай чарнобыльскай даты, калі цыбулю толькі саджалі, Аляксандр Лукашэнка наведаў рэгіён і станоўча ацаніў высілкі гамельчукоў у гэтым накірунку. Ён загадаў у наступным годзе павялічыць збор цыбулі ў два разы.

Аднак і сёлетні ўраджай вытворцы ня могуць рэалізаваць спажыўцам. З наяўных 15 тысячаў тон прададзена меней паловы. У саўгасе “Дубавіцкі” Буда-Кашалёўскага раёну на сёньня не прадалі яшчэ і чацьвёртай часткі ўраджаю. Затавараныя цыбуляю саўгасы “Брылёва”, “Усход” Гомельскага раёну ды дзесяткі іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Гаворыць дырэктар камбінату “Усход” Анатоль Дзяйкун:

(Дзяйкун: ) “Культура, на якую была зроблена стаўка, незапатрабаваная. Рынак у краіне запоўнены імпартнай цыбуляю – польскаю, галяндзкаю, трапляецца і расейская. Мы вымушаны збываць яе па сабекошце, каб хоць што-небудзь прадаць. Цыбуля ж да траўня ці чэрвеня захоўвацца ня можа. Калі нічога ня зьменіцца ў наступным годзе, гаспадаркі практычна загубяць”.

Кіраўнік асацыяцыі вытворцаў гародніннай прадукцыі Валер Папкоў заўважыў, што крамы Менску ды іншых гарадоў запоўнены ўтрая даражэйшай цыбуляю з Польшчы ды Галяндыі:

(Папкоў: ) “У гэтым вінаватыя міністэрства гандлю і Менскі гарвыканкам”.

Спадар Папкоў адрынуў прэтэнзіі наконт таго, што гомельская цыбуля пераўвільготненая. Пра сытуацыю з цыбуляю дакладалася ўраду.

Я зьвязаўся з міністэрствам гандлю і папрасіў патлумачыць – чаму незапатрабавана айчынная цыбуля? Гаворыць кіраўнік аддзелу гароднінай прадукцыі Тацяна Красьнюк:

(Красьнюк: ) “Мы куплялі цыбулю і нават рабілі пробную закладку на міжсэзоньне. Што да Польшчы ды Галяндыі, то міністэрства гандлю наогул не займаецца імпартаваньнем цыбулі. Гэта робяць прадпрымальнікі. І ня думаю, што ім выгадна вазіць цыбулю з-за мяжы. У краіне падвышаныя мыты на ўвоз. Вы, пэўна, ведаеце, што наша цыбуля ня можа доўга захоўвацца. Такая інфармацыя нам прыходзіць з рэгіёнаў. Нават калі гатункі галяндзкія, але лета вільготнае, цыбуля ня вельмі будзе захоўвацца”.

Нягледзячы на тое, што не ўдаецца прадаць сёлетні ўраджай, патрабаваньне кіраўніка дзяржавы вырасьціць 25 тысяч тон цыбулі ў наступным годзе застаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG