Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сьнежня 1786 году нарадзіўся аўтар паэмы “Энеіда навыварат” Вінцэнт Равінскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 сьнежня

У Японіі сёньня адзначаюць Дзень нараджэньня імпэратара. А ў ЗША, як, зрэшты, і па ўсім сьвеце, памятную дату сьвяткуюць мармоны. 23 сьнежня 1805 году нарадзіўся Джозэф Сьміт – амэрыканскі прарок, які заснаваў рэлігійную сэкту мармонаў – сьвятых апошняга дня. З часам мармонства стала цэлай філязофіяй і пашырылася па ўсім сьвеце. Сталіца мармонаў – горад Солт-Лэйк Сіты на захадзе ЗША, на беразе Вялікага Салёнага Возера.

23 сьнежня 1937 году старшыня Менскага гарвыканкаму Ванееў падпісвае новыя “Правілы карыстаньня трамваем”. Гэта быў самы страшны год сталінскага генацыду – ішлі татальныя арышты “ворагаў народу”. І гэта наклала свой адбітак на новыя правілы. У прыватнасьці, забараняўся праезд асобаў зь вінтоўкамі, а таксама – канвою з арыштаванымі. Выходзіць, што да новых правілаў “ворагаў народу” вазілі па Менску ня толькі ў “варанках”, але нават у звычайным гарадзкім трамваі.

Біяграфічныя даты:

23 сьнежня 1786 году на Смаленшчыне нарадзіўся Вінцэнт Равінскі, аўтар паэмы “Энеіда навыварат”, якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў. Што да Равінскага, дык ён быў прафэсійным вайскоўцам, героем вайны 1812 году і шырока адукаваным чалавекам. Прынамсі так яго характарызуе ў сваіх успамінах іншы смалянін – кампазытар Міхал Глінка.

23 сьнежня 1831 году спынілася сэрца Эміліі Плятэр, беларускай паэткі і фальклярысткі, удзельніцы паўстаньня 1831 году. У часе паўстаньня Эмілія стала камандзірам вайсковага аддзелу і памерла ад ранаў, атрыманых падчас бою. Адам Міцкевіч прысьвяціў Эміліі верш “Сьмерць палкоўніка”, а пісьменьнік Уладзімер Арлоў заўважае, што геніяльны паэт быў так захоплены яе адвагай, што падвысіў яе ў званьні. Насамрэч Эмілія Плятэр была капітанам. І было ёй усяго 25 гадоў.

23 сьнежня 1953 году Вярхоўны суд СССР выносіць прысуд у справе Лаўрэнція Бэрыі. Бэрыя разам зь яшчэ шасьцю ўчорашнімі ўсемагутнымі чыноўнікамі прысуджаны да кары сьмерцю з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем усіх вайсковых званьняў і ўзнагародаў. Сталінскі монстар, былы маршал Бэрыя ішоў да ўлады літаральна па трупах. І вось такі атрымаўся фінал. Прысуд быў выкананы ў той самы дзень, 23 сьнежня.
XS
SM
MD
LG