Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сьнежня ў Менскім раённым судзе пачынаецца крымінальны працэс над Міхаілам Марынічам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былога міністра, амбасадара Міхаіла Марыніча шмат хто ў Беларусі лічыць вязьнем сумленьня. У судзе Міхаіла Марыніча чакае лава падсудных, звышпільныя ахоўнікі, строгія судзьдзі, а зь іншага боку – сваякі і яшчэ шмат тых, хто прыйдзе яго падтрымаць.

Якім будзе гэты першы ў Беларусі працэс над амбасадарам? (Паводле закону, хоць спадар Марыніч і быў адкліканы з пасады пасла ў Латвіі, ён пажыцьцёва лічыцца амбасадарам.) Нагадаю, Міхаіла Марыніча абвінавачваюць у захоўваньні пісталета без адпаведнага дазволу ды ў крадзяжы кампутараў няўрадавай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Між тым вінаватым ён сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі – найперш помстай уладаў за сыход у апазыцыю ды спробай ня даць яму вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнты на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Напярэдадні я папрасіў сына амбасадара Ігара Марыніча пракамэнтаваць абвінавачваньні, якія выстаўленыя супраць ягонага бацькі. Вось што патлумачыў Ігар Марыніч адносна пісталета, які нібыта быў знойдзены на бацькавым лецішчы:

(Ігар Марыніч: ) “Зафіксаваны факт узлому. Ёсьць сьведкі таго, што там усё было перавернута і менавіта ў тым пакоі, дзе разьбілі шкло, знайшлі гэты пісталет. У поліэтыленавым пакунку, без адбіткаў пальцаў, са сьпілаванымі нумарамі”.

Паводле зьвестак, пісталет, які знайшлі ў старэйшага Марыніча – вельмі рэдкі, такой зброяй карыстаюцца супрацоўнікі адмысловых службаў у Эўропе. Сваякі Міхаіла Марыніча мяркуюць, што суд зацікавіцца вэрсіяй сьледзтва пра тое, адкуль яго нібыта здабыў Міхаіл Марыніч.

Ігар Марыніч перакананы, што і эпізод з кампутарамі таксама не падмацаваны доказамі віны ягонага бацькі.

(Марыніч: ) “Пра тое, дзе знаходзяцца гэтыя кампутары, ведалі супрацоўнікі “Дзелавой ініцыятывы”. Яны тэлефанавалі майму бацьку і прасілі куды-небудзь іх вывезьці, бо іх выганялі з офісу”.

Нагадаю, сьледзтва лічыць, што кампутары няўрадавай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва” скраў Міхаіл Марыніч. Падставай для такога меркаваньня ёсьць тое, што гэтыя кампутары знайшлі ў ягоным гаражы.

Колькі працягнецца гэты працэс і якім будзе ягоны вынік? Ігар Марыніч лічыць, што ўлады адмыслова распачынаюць працэс напярэдадні калядных і навагодніх сьвятаў, каб цікаўнасьць да яго зьменшылася. Паводле сыноў Марыніча, ўлады разьлічваюць правесьці суд як мага хутчэй і прызнаць Міхаіла Марыніча вінаватым хаця б паводле аднаго з абвінавачваньняў, каб пашкодзіць яму вылучацца кандыдатам на прэзыдэнты ў 2006 годзе, мяркуе Ігар Марыніч. Ён, аднак, спадзяецца, што грамадзкая падтрымка і сумленьне судзьдзяў могуць зьмяніць гэты сцэнар. Адвакаты Марыніча перакананыя, што адзіным законным вынікам працэсу мусіць стаць апраўданьне абвінавачанага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG