Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Фёдар Іваноў і за што яго арыштавалі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле пракуратуры Беларусі, арыштаваны старшыня Дзяржкамітэту авіяцыі Фёдар Іваноў. Адносна яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу аб нанясеньні вялікай шкоды дзяржаве праз службовыя злоўжываньні. У пракуратуры, аднак, дагэтуль не кажуць, ці прад’явілі Фёдару Іванову абвінавачваньне і ў што дакладна парушыў старшыня Дзяржкамітэту авіяцыі.

Што ўдалося высьветліць пра арыштаванага Фёдара Іванова? Яму 57 гадоў, з якіх апошнія тры ён узначальвае Дзяржкамітэт авіяцыі. Аказваецца, Фёдар Іваноў ніколі ня быў лётчыкам, ён тыповы гаспадарнік. Раней працаваў дырэктарам 407-га авіярамонтнага заводу ў Менску, потым ў Дзяржкамітэце авіяцыі адказваў за забесьпячэньне.

Супрацоўнікі камітэту адзначаюць, што на пасадзе старшыні Фёдар Іваноў дэманстраваў звышкамандны стыль кіраваньня. Сярод лётчыкаў распаўсюджанае меркаваньне, што мэнэджэрскіх здольнасьцяў Іванову не хапала.

Што магло быць прычынай арышту Фёдара Іванова ? Адныя крыніцы мяркуюць, што сумніўнымі могуць быць справы вакол берасьцейскага тэрміналу, які быў на балянсе камітэту авіяцыі. Нібыта там маглі быць нейкія злоўжываньні. Іншыя крыніцы згадваюць пра нейкія фірмы, датычныя да авіяцыі, праз якія нібыта Іваноў мог спрычыніцца да махінацыяў.

Згадваецца таксама прадпрыемства “Белаэранавігацыя” – ягоны дырэктар Іван Шыманец таксама затрыманы, аднак пацьверджаньняў, што ў сувязі са справай Іванова, няма. Між тым адмыслоўцы кажуць, што навігацыя ў апошнія гады заставалася ледзь не галоўнай крыніцай прыбыткаў беларускіх авіятараў і грошы ў гэтай галіне сапраўды хадзілі немалыя.

У камітэце Дзяржавіяцыі ад камэнтароў да затрыманьня Фёдара Іванова ўтрымліваюцца. “Ніхто з намесьнікаў старшыні з вамі размаўляць ня будзе”, – сказала мне сакратарка прыёмнай. Затое адзін шараговы супрацоўнік камітэту нагадаў, што менавіта Фёдар Іваноў летась загадаў зьліквідаваць незалежны прафсаюз аівядыспэтчараў. Вось што мой суразмоўца сказаў пра наступствы гэтага загаду.

(Дыспэтчар: ) “Нэгатыўных наступстваў было больш чым дастаткова. Сацыяльныя ўмовы пагоршыліся, кантрактная сыстэма прынесла праблемы, нават былі факты звальненьня самых актыўных. Карацей, нічога добрага”.

Гэта пра дзеяньні Фёдара Іванова адносна незалежнага прафсаюзу авіядыспэтчараў згадваў адзін з супрацоўнікаў камітэту авіяцыі, які папрасіў не называць ягонае імя.

Дагэтуль невядома, дзе з 21 сьнежня ўтрымліваюць Фёдара Іванова. Назіральнікі не выключаюць, што яго зьмясьцілі ў ізалятар КГБ “Амэрыканка”, дзе звычайна трымаюць арыштаваных высокапастаўленых чыноўнікаў. Нагадаем, сёлета ў ізалятары КГБ ужо пабывала былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, дагэтуль там ўтрымліваюць былога старшыню Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова і генэральнага дырэктара аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG