Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сьнежня ў Менскім раённым судзе пачнецца працэс над Міхаілам Марынічам


Алег Грузьдзіловіч, Менск На суд над Міхаілам Марынічам, які пачнецца 23 сьнежня, зьбіраюцца дыпляматы замежных краінаў. Якія падзеі папярэднічаюць суду?

У суд Менскага раёну, дзе будуць разглядаць справу Міхаіла Марыніча, маюць намер прыехаць дыпляматы каля дзясятка эўрапейскіх краінаў. Пра гэта праведаміла адвакат Вера Страмкоўская, спаслаўшыся на зьвесткі з амбасадаў.

Тымчасам сыны Марыніча 22 сьнежня яшчэ знаходзіліся ў Рызе. 21 сьнежня Павал і Ігар Марынічы сустракаліся з адказнымі чыноўнікамі й парлямэнтарамі Латвіі, а сёньня далі інтэрвію Латыскаму тэлебачаньню. Нагадаю, раней Міхаіл Марыніч працаваў беларускім амбасадарам у Латвіі. Ігар Марыніч разглядае суд над бацькам як акт запалохваньня грамадзтва:

(Марыніч: ) “Яны дэманструюць, што калі чалавека, які мае ўзнагароды, рэгаліі, званьні, можна гэтак лёгка растаптаць, то што будзе зь нейкім там “зубранём” альбо з журналістам”.

У КГБ Беларусі, дзе расьсьледавалі справу Міхаіла Марыніча, лічаць, што яго перасьледуюць выключна паводле крымінальных падставаў. Гэткай жа пазыцыі прытрымліваюцца і ў пракуратуры, прадстаўнік якой будзе падтрымліваць абвінавачаньне ў судзе.

Міхаіла Марыніча ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КГБ з 26 красавіка. Былога міністра і амбасадара абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях са зброяй ды крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ён узначальваў. Марыніч вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнай помстай з боку ўладаў за крытыку палітычнага курсу, а таксама спробай перашкодзіць яму ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў 2006 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG