Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уручаныя ўзнагароды ляўрэатам прэміі “Хартыі-97”


Альгерд Невяроўскі, Менск 22 сьнежня ў Менску адбылося ўручэньне прэміяў за дасягненьні ў абароне правоў чалавека. Гэтая прэмія заснаваная грамадзянскай ініцыятывай “Хартыя-97” у 1998 годзе. Сёлета яе ляўрэатамі сталі палітзьняволеныя Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі й Аляксандар Васільеў, генэрал Валер Фралоў, актывісты “Зубра” і “Маладога фронту” Мікіта Сасім і Артур Фінкевіч, а таксама намесьніца галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп.

У офіс “Хартыі-97”, каб атрымаць дыплёмы ляўрэатаў, 22 сьнежня прыйшлі Мікіта Сасім, Артур Фінкевіч, Ірына Халіп і сын зьняволенага старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага Ўладзімер. Слова падчас узнагароджаньня ўзяў каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “У гэтым годзе так здарылася, што прынялі рашэньне — і асноўныя прэміі ўручаныя ў катэгорыі “За асабістую мужнасьць”. Гэта такая своеасаблівая прыкмета часу. Таму што мы лічым, што асабістая мужнасьць і гатоўнасьць адстойваць свае прынцыпы, прынцыпы дэмакратыі й правоў чалавека, уплывае на сытуацыю ў Беларусі”.

На думку заснавальнікаў прэміі, усе сёлетнія ляўрэаты праявілі асабістую мужнасьць. Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў у турмах, Валер Фралоў падчас працы ў дэпутацкай групе “Рэспубліка”, Артур Фінкевіч у часе вулічных акцыяў, Мікіта Сасім — перацягнуўшы ў “Зубр” амаль усю суполку БРСМ Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці, а Ірына Халіп — у сваіх шматлікіх артыкулах.

Пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня Мікіта Сасім сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Сасім: ) “Насмрэч, вельмі вялікі гонар для мяне стаць ляўрэатам гэтай прэміі. Тым больш, вельмі вялікія й знакамітыя людзі ў розны час таксама станавіліся яе ляўрэатамі. І цяпер маё імя стаіць побач зь іх імёнамі”.

Прэмія “За абарону правоў чалавека” была заснаваная “Хартыяй-97” у 1998 годзе. Яна складаецца з ганаровага дыплёму й невялікай грашовай узнагароды. Заснавальнікі прэміі ня хочуць называць дакладнай сумы ўнагароджаньня.

Ляўрэатамі прэміі “Хартыі-97” у розны час былі Валер Шчукін, Мікола Статкевіч, Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, абаронцы Курапатаў, гурты “NRM” і “Новае неба”, журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і многія іншыя палітыкі, грамадзкія дзеячы і праваабаронцы.

Міхаілу Марынічу прэмія будзе ўручаная 23 сьнежня ў часе першага судовага паседжаньня ў яго крымінальнай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG