Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўтаназія: “за” і “супраць”


Іна Студзінская, Менск Старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала лічыць, што ў Беларусі неабходна прыняць закон, які будзе рэгуляваць выкарыстаньне эўтаназіі. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію “Інтэрфаксу”. “Патрэбная норма закону. Пытаньні выкарыстаньня эўтаназіі трэба адрэгуляваць заканадаўча”, – выказаў сваё меркаваньне Валянцін Сукала. Як да такога складанага і супярэчлівага пытаньня ставяцца мэдыкі, праваабаронцы, грамадзкасьць?

Праблема сапраўды вельмі складаная і супярэчлівая. І адназначнага меркаваньня тут быць ня можа. Дарэчы, у інтэрвію “Інтэрфаксу” старшыня Вярхоўнага Суду заўважыў, што ён “не зьяўляецца катэгарычным праціўнікам альбо прыхільнікам дазволу эўтаназіі”.

На жаль, сам Валянцін Валер’евіч зараз у адпачынку, і таму я вымушаная абысьціся толькі яго цытаваньнем. А вось Міністэрства аховы здароўя – катэгарычна супраць зьмяненьня заканадаўства.

Што ў дзейным беларускім заканадаўстве гаворыцца пра эўтаназію? У Законе “Аб ахове здароўя”, прынятым у 2001 годзе, у артыкуле 38 запісана: “Эўтаназія – добраахвотная, узгодненая з лекарам сьмерць невылечнага хворага з дапамогай адмысловых абязбольных сродкаў. Мэдычным і фармацэўтычным работнікам забараняецца зьдзяйсьненьне эўтаназіі”. За парушэньне – крымінальная адказнасьць.

У судовай практыцы эўтаназія – гэта наўмыснае забойства. Дык вось, Міністэрства аховы здароўя катэгарычна супраць перагляду гэтай нормы. Апавядае начальнік галоўнага лячэбна-прафіляктычнага Ўпраўленьня Міністэрства Аляксандар Цыбін:

(Цыбін: ) “Каб эўтаназія была легалізаваная, дык гэта, выбачайце, што – загадзя лекару дазволіць быць не барацьбітом за жыцьцё, а наадварот, скарачаць жыцьцё? Гэта супярэчыць канонам лекарскай навукі. Ня ведаю, як там у юрыспрудэнцыі – можа, ім гэта бяз розьніцы, але ў нас жыцьцё і маленькага чалавека, і пажылога – гэта жыцьцё. У хрысьціянскіх маральных запаветах – “не забі”. А што прапануецца? Забі! Ну, ня ведаю!”

Нідэрлянды першымі заканадаўча дазволілі эўтаназію. Гэта выклікала своеасаблівы выбух ва ўсім сьвеце – чалавецтва падзялілася на тых, хто “за” і хто “супраць”. Ці ёсьць у Беларусі прыхільнікі эўтаназіі?

Безумоўна, але, як мне здаецца, няшмат. Мая суразмоўца, эканаміст Ірына, лічыць, што толькі невылечна хворы чалавек мае права сам вырашыць, жыць яму ў пакутах ці пайсьці з жыцьця. Але толькі пры ўмове, што кампэтэнтная камісія зь лекараў лічыць чалавека безнадзейна хворым, калі ён сам прыняў рашэньне, і калі родныя ня супраць.

(Ірына: ) “Нават калі ня браць Беларусь, а значна больш разьвітыя заходнія краіны, дзе лепшы і мэдычны дагляд, і сацыяльная падтрымка людзям з найцяжэйшымі захворваньнямі, дык і тое людзі не знаходзяць у сабе сілы працягваць змагацца за жыцьцё. Але гэта павінна адбывацца такім чынам: кампэтэнтная лекарская камісія, якая будзе ацэньваць і душэўны, і псыхічны стан хворага, які вырашыў. І, канешне, з дапамогай родных”.

А што думаюць праваабаронцы? Чалавек, у прынцыпе, вольны распараджацца сваім жыцьцём. Ці былі звароты невылечна хворых людзей зьмяніць заканадаўства, дазволіць эўтаназію?

Старшыня Беларускага Хэльсынскага Камітэту Тацяна Процька распавяла, што да іх зьвярталіся людзі, якія прасілі праваабарончую арганізацыю, каб тая дамагалася дазволу эўтаназіі. Але ў асноўным гэта былі не сьмяротна хворыя людзі, а інваліды, прыкаваныя да ложку, за якімі няма каму даглядаць, якія жывуць у галечы. Думка старшыні БХК Тацяны Процькі:

(Процька: ) “Тут праблема ня столькі маральная, колькі сацыяльная. Грамадзтва наша не разумее яшчэ, якая каштоўнасьць – само жыцьцё. У нас ёсьць прыклады, калі малады чалавек можа аддаць жыцьцё, выратоўваючы калгасны трактар. Таму і з гэтым жыцьцём людзі так абыходзяцца. Таму, канешне, у нашых умовах уводзіць эўтаназію – гэта ня будзе па-боску. З чаго ў нас людзі будуць хацець эўтаназіі? Таму, што няма лекаў, таму, што жыцьцё проста нікудышнае. І я думаю, у нас злоўжываньняў будзе на гэтым шмат”.

Часьцяком людзі хочуць пайсьці з жыцьця не з-за цяжкіх пакутаў і болю, а ад галечы, з-за безвыходнасьці, спустошанасьці, пачуцьця непатрэбнасьці. І гэта сапраўды праблемы ў большай ступені сацыяльныя. Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя лекар Аляксандар Цыбін перакананы:

(Цыбін: ) “Навука на месцы не стаіць, удасканальваюцца тэхналёгіі. Можа, у юрыспрудэнцыі кансэрватызм, але ў нас рэвалюцыйныя тэхналёгіі зьяўляюцца. Ну хто думаў пра клетачныя тэхналёгіі? А яны сёньня ёсьць. А гэта ўсё накіравана на захаваньне жыцьця, у тым ліку і ў безнадзейных сытуацыях”.

На думку Аляксандра Цыбіна, “здольнасьць грамадзтва жыць без эўтаназіі – гэта экзамэн на сталасьць мэдыцыны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG