Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 сьнежня ў Полацку пахаваны Васіль Мядзелец


Вінцэсь Мудроў, Полацак 22 сьнежня ў Полацку адбылося пахаваньне колішняга вязьня сталінскага ГУЛАГу, аднаго з кіраўнікоў паваеннага Саюзу беларускіх патрыётаў Васіля Антонавіча Мядзельца.

Мы спачуваем родным і блізкім памерлага, але найперш хацелася б пачуць пра згаданы Саюз беларускіх патрыётаў – тым больш што нават у фундамэнтальнай “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі” пра гэтую арганізацыю няма й згадкі.

Саюз беларускіх патрыётаў быў утвораны прыканцы 1945 году ў вучнёўскім асяродку Глыбоцкай і Пастаўскай пэдвучэльняў. Гэта была маладзёвая арганізацыя культурніцкага й асьветніцкага кшталту. Сам Васіль Мядзелец так акрэсьліваў мэты арганізацыі: “Мы хацелі, каб Беларусь заставалася сама сабой, зь дзяржаўнай беларускай мовай, з гістарычнай сымболікай, са сваёй культурай і гісторыяй. Каб яна была свабоднай, сувэрэннай і шчасьлівай дзяржавай”.

Згадваючы пра такія сьвятыя памкненьні, у сьвядомасьці аўтаматычна прыгадваюцца савецкія карныя органы. Ужо ў лютым 1947 году пачаліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Пры гэтым “родная” – у двукосьсі – савецкая ўлада паставілася да маладых беларусаў так, як не паставіўся б аніводны акупацыйны рэжым.

Агулам было засуджана звыш сарака чалавек, якія атрымалі, у асноўным, ад 10 да 25 гадоў лягераў. Скажам, навучэнка Пастаўскай пэдвучэльні Алеся Умпіровіч атрымала 25 гадоў толькі за тое, што намалявала “Пагоню”. А чацьвярым, у тым ліку й Васілю Мядзельцу, сталінскія сатрапы вынесьлі сьмяротны прысуд. Ад сьмерці хлопцаў выратавала пастанова Вярхоўнага Савету СССР, якая часова адмяніла сьмяротнае пакараньне, і “самы гуманны суд у сьвеце” замяніў расстрэл 25-гадовай катаргай.

Які быў далейшы лёс Васіля Мядзельца? Катаргу ён адбываў у славутым Нарыльску, там жа і жыў пасьля вызваленьня, адбыўшы за кратамі дзесяць гадоў. Слова пра нябожчыка мы папрасілі сказаць пісьменьніка Германа Кірылава, аўтара кнігі “Гарт”, прысьвечанай героям Саюзу беларускіх патрыётаў.

(Кірылаў: ) “Мне было вельмі прыемна сустракацца з Васілём Антонавічам Мядзельцам. Ён заўжды рабіў прыемнае ўражаньне. Я кожнага разу хваляваўся, калі мы гутарылі зь ім пра тое, што яму хацелася выкінуць з памяці, выкрасьліць. Але гэта жыло ў ягоным сэрцы і пякло балючым болем. І калі ён згадваў допыты, у яго, сталага мужчыны, перарываўся голас і каціліся сьлёзы”.

І нарэшце, дамо слова былой паплечніцы Васіля Мядзельца па Саюзу беларускіх патрыётаў, якая атрымала за сваю беларускасьць дзесяць гадоў лягераў, Марыі Бялевіч:

(Бялевіч: ) “Перастала біцца сэрца Васіля Мядзельца. Мы з мужам, Лявом Бялевічам, добра яго ведалі. Вучыліся разам, разам змагаліся, разам пакутавалі ў ГУЛАГу. Ведаем, які гэта быў цудоўны чалавек! Нідзе й ніколі ён не пакрывіў душою. Любіў Радзіму, любіў родную мову, любіў свой народ. Нізка схіляем галаву ў памяць гэтага добрага чалавека. Хай нашая беларуская зямля багацее на такіх людзей. Хай зямля табе будзе пухам, дарагі наш Васілёк”.
XS
SM
MD
LG