ВАШЫНГТОН. Белы дом расчараваны тым, як расейскія ўлады зладзілі продаж галоўнай часткі кампаніі “Юкас”—яе філіі “Юганскнафтагаз”. Прадстаўнік Белага дому Скот Маклелан сказаў, што Вашынгтон спадзяваўся на рашэньне, якое улічыла б і расейскае падаткавае заканадаўства, і інтарэсы інвэстараў “Юкаса”. Маклелан сказаў, што Злучаныя Штаты неаднаразова зьвярталіся да расейскага ўраду, гаворачы, што ўдзел уладаў у справе “Юкаса” можа напалохаць замежных інвэстараў.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пасьля перамоваў зь нямецкім канцлерам сказаў у аўторак, што продаж “Юганскнафтагазу” адбыўся адпаведна расейскім законам. Прадпрыемства прадалі, каб вярнуць падаткі, ня сплочаныя “Юкасам”. Тым часам у самой кампаніі гавораць, што “Юкас” перасьледвалі паводле палітычных прычынаў.