Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сутнасьць цяперашніх газавых спрэчак Беларусі з Расеяй?


Юры Сьвірко, Менск Беларускае міністэрства энэргетыкі заяўляе, што пасьля пераходу з 1 студзеня на новы прынцып спагнаньня падаткаў з Расеяй цана газу можа вырасьці на 18%. Прычына — Масква ня хоча аддаць беларускаму боку суму падатку на даданую вартасьць, які раней спаганяўся ў расейскі бюджэт.

Чаму Масква й Менск дагэтуль не падпісалі кантракту на пастаўку расейскага газу ў Беларусь на 2005 год? Адказваючы на гэтае пытаньне, першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец сказаў, што Менск рабіў заяўку на 21,5 мільярда кубамэтраў расейскага газу, але пакуль не знайшоў паразуменьня:

(Таўпянец: ) “Расейскі бок прапаноўваў нам ужо даўно кантракт, паводле якога асноўная пастаўка газу была вызначаная як 18 з паловай мільярдаў кубічных мэтраў, 0,6 мільярда празь фірму “Газойл” — даччынае прадпрыемства “Газпрому”, — і 1,4 мільярда прапаноўваецца паставіць “пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці”.

Гэтыя 20 з паловай мільярдаў кубамэтраў газу Расея гатовая прадаць па ранейшай цане — менш за 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. У Маскве адзначаюць, што курс даляра за апошні год значна зьнізіўся. Але афіцыйны Менск хоча купляць кубамэтар газу на 7 даляраў таньней. Нагадаю, што з 1 студзеня Расея й Беларусь пераходзяць у пастаўках энэрганосьбітаў на ўсясьветна прыняты прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня, то бок сума падатку пойдзе ў беларускі бюджэт. Беларусь хоча, каб Расея зьменшыла цяперашнюю цану газу на суму гэтага падатку — каля 7 даляраў з кожнай тысячы кубамэтраў, — але “Газпром” на гэта не пагаджаецца. Замест гэтага Масква прапаноўвае беларускаму боку ўвогуле ня браць падатку з газу ў свой бюджэт, а ўжываць нулявую стаўку, як Украіна.

Эдуард Таўпянец сказаў, што калі цана газу вырасьце на 18% (гэта якраз цяперашняя стаўка падатку), дык адпаведна зьменяцца тарыфы для беларускіх спажыўцоў. Аднак ён нагадаў пра ўстаноўку Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што сума камунальных плацяжоў для насельніцтва не павінна павялічыцца больш як на 5 даляраў, і абяцаў гэтага трымацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG