Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэўся Аляксандар Лукашэнка з Нурсултанам Назарбаевым?


Юры Сьвірко, Менск У панядзелак увечары зьявілася першая афіцыйныя інфармацыя пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан на мінулым тыдні. Паводле ягонай прэсавай службы, якая цяпер называе гэта “рабочай паездкай”, спадар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Казахстану Нурсултанам Назарбаевым ды абмеркаваў зь ім пытаньні паглыбленьня двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сфэрах.

Паведамляецца, што ў часе візыту Аляксандар Лукашэнка наведаў горад Алматы, дзе меў сустрэчы зь яго мэрам, а таксама шэраг неназваных раёнаў паўднёвага Казахстану. Сярод аб’ектаў, якія наведаў беларускі кіраўнік, названыя конезавод у Алмацінскай вобласьці, гарналыжны комплекс “Шымбулак” і каток “Мэдэў”. Спадар Лукашэнка сустрэўся з канькабежнай зборнай Казахстану, зь якой правёў шэраг трэніровак, і са старшынём казахстанскага камітэту спорту.

Паводле Лукашэнкавай прэсавай службы, “на просьбу казахстанскага боку” адбыліся дзьве хакейныя сустрэчы Лукашэнкавай каманды з жаночай зборнай і “мужчынскай камандай Казахстану”.

Прадстаўніца прэсавай службы казахстанскага лідэра Лязат Танасбай сказала Радыё Свабода, што пра сустрэчу спадароў Лукашэнкі й Назарбаева ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, але яна зьвязалася з калегамі ў адміністрацыі, пасьля чаго дадала:

(Танасбай: ) “Ну, вось мне кажуць, што была, так. Але яна была такая сустрэча… Наколькі я разумею, візыт жа ягоны быў і не рабочы, і не афіцыйны — прыватны ж быў візыт”.

Варта нагадаць, што Аляксандар Лукашэнка ўжо езьдзіў з падобнымі прыватнымі візытамі ў Аўстрыю (некалькі разоў) і Славенію. Падчас адной з гэтых паездак у аўстрыйскім Інсбруку адбыўся дабрачынны матч хакейнай каманды з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер пра дабрачыннасьць у Алматы не паведамлялі, уваход на матч у пятніцу з удзелам каманды беларускага кіраўніка быў бясплатны.

А ці быў увесь казахстанскі адпачынак Аляксандра Лукашэнкі ды ягонай каманды бясплатным для беларускага бюджэту? Вось як на гэтае пытаньне адказала спадарыня Танасбай:

(Танасбай: ) “Так, з прыватнымі візытамі прыяжджаюць, здараецца, кіраўнікі дзяржаваў — прыяжджаюць, адпачываюць. Але вось пытаньне аплаты, хто ў гэты час плаціць — я ня ведаю. Можа, вы зьвернецеся ў наша МЗС?”

Але і МЗС Казахстану нічога не змагло паведаміць пра крыніцы фінансаваньня візыту спадара Лукашэнкі ў гэтую краіну.

А намесьніца кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, ягоная былая прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч ня здолела нават адказаць, ці вярнуўся ён у Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG