Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі ўрад мяркуе рабіць больш рашучыя крокі адносна афіцыйнага Менску


Ул. інф. Сябры фракцыі ХДС/ХСС у нямецкім Бундэстагу лічаць неабходным, каб беларускае пытаньне было агучанае ў часе гамбурскіх нямецка-расейскіх кансультацыяў на вышэйшым узроўні. Тым часам сьпікер нямецкага МЗС хрысьціянская дэмакратка Рыта Зюсмут заявіла пра намер нямецкага ўраду зрабіць больш рашучыя крокі супраць беларускага рэжыму.

Дакладчыца фракцыі ХДС/ХСС па Беларусі ў нямецкім Бундэстагу, сябра камітэту кіраваньня “Пецярбурскага дыялёгу” Кляўдыя Нольтэ лічыць, што цяперашнія нямецка-расейскія кансультацыі ня могуць абмяжоўвацца пытаньнямі двухбаковых дачыненьняў. Напярэдадні чарговай сустрэчы ў Гамбургу нямецкага бундэсканцлера Герхарда Шродэра і расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна спадарыня Нольтэ заявіла, што нямецка-расейскія дачыненьні яшчэ ніколі не былі такімі напружанымі, як цяпер.

Паводле яе, гэта выклікана цэлым шэрагам як унутраных, так і вонкавых фактараў, пра якія, у прыватнасьці, гаварылася на апошнім саміце АБСЭ ў Сафіі. Размова, сярод іншага, ідзе пра Беларусь, Украіну, Прыднястроўе, іншыя постсавецкія рэгіёны, дзе свой уплыў і свае інтарэсы мае Масква. Як перакананая спадарыня Нольтэ, бундэсканцлер мусіць давесьці да свайго сябра галоўныя кірункі брусэльскай палітыкі — у прыватнасьці, тое, што гэта зусім не чарговы падзел Эўропы. У іншым выпадку партнэрства Расеі з Эўразьвязам у сумеснай барацьбе супраць тэрарызму, жабрацтва, гандлю зброяй і людзьмі будзе выглядаць праблематычным, — перакананая Кляўдыя Нольтэ.

Тымчасам колішні прэзыдэнт нямецкага Бундэстагу, а цяпер сьпікер нямецкага Міністэрства замежных справаў, хрысьціянская дэмакратка Рыта Зюсмут заявіла, што нямецкі ўрад “даў зразумець афіцыйнаму Менску, што мае намер зрабіць больш рашучыя крокі супраць рэжыму беларускага дыктатара”. Заява спадарыні Зюсмут прагучала ў часе канфэрэнцыі Нямецкага таварыства Эўропы (DGO). Паводле сьпікера МЗС, “дачыненьні Бэрліна з афіцыйным Менскам ня могуць палепшыцца, пакуль Лукашэнка робіць ціск на грамадзянскую супольнасьць і дыскрэдытуе Захад”.

“Дачыненьні з Эўразьвязам застануцца напружанымі, пакуль перасьледуюцца СМІ і апазыцыя”, — сказала Рыта Зюсмут. Як паведамляе “Frankfurter Allgemeine”, Рыта Зюсмут спынілася і на некаторых іншых аспэктах палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Камэнтуючы сытуацыю вакол Беларускага гуманітарнага ліцэю, Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, а таксама заяву беларускага кіраўніка адносна замежных паездак чарнобыльскіх дзяцей, сьпікер нямецкага МЗС выказала наступную перасьцярогу:

(Зюсмут: ) “Дзяржава, якая баіцца сваіх дзяцей, вучняў, студэнтаў, ня мае будучыні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG