Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: “Чым адрозьніваецца новая Палата прадстаўнікоў ад папярэдняй?”


Ганна Соусь, Менск Ужо два месяцы ў Беларусі — новая Палата прадстаўнікоў, якая 20 сьнежня пасьля сваёй першай сэсіі разьяжджаецца на калядныя вакацыі. Чым быў адметны гэты час? Ці заўважылі выбарцы, чым новая Палата прадстаўнікоў адрозьніваецца ад папярэдняй? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня завяршаецца першая сэсія Палаты прадстаўнікоў 3-га скліканьня. Чым, на вашую думку, адрозьніваецца новая Палата прадстаўнікоў ад папярэдняй?”

(Спадар: ) “Амаль нічым. Усё тыя ж людзі, тыя ж няверныя думкі, тая ж нялёгкая доля нашага беларускага народу”.

(Спадар: ) “Я лічу, што яна недасканалая, як і папярэдняя Палата”.

(Спадар: ) “Мне яшчэ не ўдалося праслухаць праграму на першых днях сэсіі. Сёньня думаю толькі ўвечары ў навінах паслухаць… Але паводле газэтаў, калі я не памыляюся, сельскагаспадарчая тэматыка будзе”.

(Спадарыня: ) “Гэтымі пытаньнямі я не цікаўлюся, таму і ня ведаю”.

(Спадар: ) “На мой погляд, абсалютна нічым, паколькі народ мала ведае сваіх герояў. Выбары, якія прайшлі… Дык я на сваім участку абсалютна выпадкова даведаўся, хто выйшаў пераможцам”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле ня згодная з нашай палітыкай, таму мне цяжка вам пра гэта казаць”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што, можа, што лепшае будзе”.

(Спадар: ) “Гэтая Палата цалкам абраная паводле сьпісаў, якія былі вызначаныя яшчэ да выбараў. Я ад яе нічога не чакаю, не гляджу і не сачу за ёй. Я ня бачу ніякіх адрозьненьняў. Там былі хоць некаторыя людзі, якія былі супраць. Цяпер няма нікога”.

(Спадар: ) “Усё, як было, так і засталося. Тыя ж людзі перасаджваюцца з крэсла ў крэсла, а нічога не мяняецца”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, нічым яна ня можа адрозьнівацца. Сам выбарчы прынцып не дазваляе выбіраць з каго-небудзь. Яны менавіта прадстаўнікі, а не абраныя людзі”.

(Спадар: ) “Калі толькі ў горшы бок. Вельмі паслухмяная. Такое ўражаньне, што калі ідзе зьверху ўказаньне, што рабіць, дык яны робяць. Але калі ў іх застаецца вольны час, яны, мякка кажучы, не зусім сур’ёзныя законы прымаюць”.

(Спадар: ) “Складана вам адказаць, таму як палітыкай не цікаўлюся. У нашай дзяржаве палітыкай цікавіцца шкодна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG