Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 сьнежня 1937 году ў Менску былі расстраляныя гісторык прафэсар Васіль Дружчыц і мовазнавец акадэмік Сьцяпан Некрашэвіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 19 і 20 сьнежня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

19 сьнежня ў Беларусі традыцыйна сьвяткавалі Міколу зімовага. Як летні Мікола лічыўся пачынальнікам сапраўднага лета, так і пра зімовага казалі: “Да Міколы няма зімы ніколі”. Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам сьвятога, таму казалі яшчэ і так: “Ніводнаму Міколу ня вер ніколі”.

Ня дзіва, што і знакамітыя людзі праваслаўнага паходжаньня, народжаныя ў гэты дзень, называліся, як правіла, Міколамі. Напрыклад – Мікалай Дворнікаў, родам з Гомеля, які кіраваў камуністычным падпольлем у Заходняй Беларусі, а загінуў у 1939-м годзе ў Гішпаніі. Максім Танк прысьвяціў яму паэму, якая так і называецца “Мікалай Дворнікаў”.

Сярод знакамітасьцяў, што нарадзіліся ў дзень сьвятога Міколы, асабняком стаіць Леанід Брэжнеў, які атрымаў іншае імя. Некалі ў часы Брэжнева Ўладзімеру Караткевічу забаранілі выпусьціць свой раман пад назвай “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”, каб не атрымалася некарэктнага намёку. Тады аўтар назваў раман “Нельга забыць”. Леанід Брэжнеў кіраваў СССР 16 гадоў і пра ягонае палітычнае доўгажыхарства хадзілі показкі. Сёньня генсеку магло б споўніцца 98.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

20 сьнежня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі, прасьцей кажучы – Дзень чэкіста. Сьвята парадаксальнае ў многіх сэнсах. Дзяржаўную бясьпеку маюць усе краіны сьвету, але ў нас традыцыі сьвята ўзыходзяць да тых часоў, калі сталінскія карныя органы вялі татальную вайну супраць уласнага народу. Таму дзень чэкіста немагчыма адзначаць, ня згадваючы пра мільёны нявінных ахвяраў ЧК-НКВД-КГБ. Гэта адзін парадокс. А вось другі. Сьвята гэтае найперш расейскае, і ў Беларусі адзначаецца па савецкай завядзёнцы, хоць у Расеі арганізацыі з такой назвай – КГБ – няма, а ў Беларусі ёсьць. І нарэшце – трэці парадокс. У аснове Дня чэкіста ляжыць падзея расейскай гісторыі. 20 сьнежня 1917 году ў Расеі была створаная Ўсерасейская надзвычайная камісія – ВЧК. А вось узначаліў яе ўраджэнец Беларусі Фэлікс Дзяржынскі.

20 сьнежня 1927 году было ўпершыню ў гісторыі прысвоенае званьне народнага артыста Беларусі. Атрымаў яго драматург, актор і рэжысэр Уладзіслаў Галубок. Гэта, аднак, не засьцеражэ Галубка ад рэпрэсіяў з боку НКВД, і празь 10 гадоў ён будзе расстраляны ў Менску.

20 сьнежня 1937 году ў Менску карнымі органамі НКВД былі расстраляныя гісторык прафэсар Васіль Дружчыц і мовазнавец акадэмік Сьцяпан Некрашэвіч.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 20 сьнежня ў розныя гады, згадаем мастакоў Казіміра Альхімовіча і Аскара Марыкса, гісторыка Язэпа Ядкоўскага, які стварыў Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.
XS
SM
MD
LG