Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “Датэрміновыя выбары прэзыдэнта могуць адбыцца ўвосені 2005 года. Часу на разгойдваньне няма”


Алесь Дашчынскі, Менск У нядзелю 19 сьнежня былыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычнай апазыцыі вымушаныя былі правесьці даўно плянаваную канфэрэнцыю на вуліцы, перад дзьвярыма менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра ІВВ. У сам будынак, дзе была аплочаная заля, уваход ім быў забаронены кіраўніцтвам цэнтра, а напярэдадні менскія ўлады выказаліся супраць правядзеньня гэтай сустрэчы, на якую сабраліся больш чым 150 кандыдатаў у дэпутаты з усіх рэгіёнаў краіны.

Як вядома, міжнародны цэнтар ІВВ – гэта сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства, якім кіруюць прадстаўнікі нямецкага і беларускага бакоў. Раней тут праводзіліся розныя канфэрэнцыі, але на гэты раз у памяшканьні нельга было сабрацца былым удзельнікам выбарчай кампаніі.

Паводле інфармацыі з кіраўніцтва цэнтра, яго сузаснавальнікам зьяўляецца менскі гарвыканкам, які якраз і забараніў правядзеньне сустрэчы – а нямецкі бок, выглядае на тое, пагадзіўся з такім недэмакратычным рашэньнем.

Калі я распавёў пра гэта маім знаёмым у Нямеччыне, яны так пракамэнтавалі сытуацыю: “Мы думаем, што гэта вельмі дрэнна, што так сябе паводзіць ІВВ. Нам сорамна, што немцы такія палахлівыя – магчыма, яны засьцерагаюцца, што іхны шыкоўны будынак будзе сканфіскаваны. Але гэта ня можа быць апраўданьнем для ІВВ”.

Па афіцыйны камэнтар я зьвярнуўся да кіраўніка менскага офіса АБСЭ Эбэргарда Гайкена, які ўвесь час быў на вуліцы разам з удзельнікамі сустрэчы. Ён палічыў слушным правядзеньне канфэрэнцыі з удзелам былых кандыдатаў, выключаных з выбараў па сумнеўных прычынах.

(Гайкен: ) “Я зь вялікай павагай аднёсься да таго, што гэтая шматлюдная сустрэча адбылася, і я моцна шкадую, што гэтая канфэрэнцыя не змагла прайсьці як сьлед, як гэта плянавалася, па прычыне ўмяшальніцтва гарадзкой адміністрацыі Менска. Але тут гаворка ідзе пра свабоду сходаў, пра свабоду думак, і гэтыя правы павінны забясьпечвацца”.

Адзіным рэальным вынікам гэтай сустрэчы было прыняцьцё рэзалюцыі сходу кандыдатаў у дэпутаты. Арганізатары заявілі, што другая сэсія канфэрэнцыі пройдзе ў новым годзе за межамі Беларусі – у Смаленску, Вільні ці Кіеве. На ёй плянуецца правесьці дыскусію аб уроках выбарчай кампаніі 2004 года ды аб бліжэйшых мэтах і задачах дэмакратычных сілаў.

Наступным важным пытаньнем будзе прэзэнтацыя канцэпцыі вылучэньня адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў. Паводле старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі, вылучэньне адзінага разглядаецца як агульнанацыянальная кампанія па актывізацыі грамадзтва й пераадоленьні страху.

(Вячорка: ) “Датэрміновыя выбары прэзыдэнта могуць адбыцца ўвосені 2005 года. Гэта значыць, што часу на разгойдваньне ў нас няма. Фактычна, новую кампанію мы павінны пачаць зь сярэдзіны студзеня, пасьля таго як закончацца гэтыя бясконцыя зімовыя вакацыі”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што сваёй забаронай нядзельнай сустрэчы ўлады дадалі дадатковага ажыятажу і адрэналіну. Што да прагнозу аб датэрміновых выбарах у 2005 годзе, спадар Лябедзька адзначыў:

(Лябедзька: ) “Мы павінны быць падрыхтаваныя і да такога сцэнару. Пакуль ён малаверагодны, таму што Лукашэнка не праводзіў ніводнай кампаніі, якая скарачае тэрмін яго знаходжаньня ля ўлады, але трэба быць да гэтага падрыхтаванымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG