Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калядны падарунак” жыхарам беларуска-літоўскага памежжа: пяць новых пунктаў спрошчанага кантролю


Тацяна Поклад, Вільня Беларускія і літоўскія памежнікі канчаткова дамовіліся пра палёгкі на беларуска-літоўскай мяжы на час калядных і навагодніх сьвятаў. На сьвята адкрыюцца дадатковыя пяць пунктаў спрошчанага памежнага кантролю, якія былі зачыненыя два гады таму.

Дамоўленасьць была дасягнутая пасьля абмену нотамі беларускага й літоўскага МЗС і тыднёвых перамоваў Камітэту памежных войскаў Беларусі й Літоўскай службы аховы дзяржаўнай мяжы. Пасьля таго як беларуска-літоўская мяжа зрабілася вонкавай мяжой Эўразьвязу, колькасьць кантрольна-прапускных пунктаў значна зьменшылася, так што цяпер памежным жыхарам, каб наведаць сваякоў у суседняй вёсцы па другі бок мяжы, даводзіцца праяжджаць па 200 км да бліжэйшага КПП.

На тры дні каталіцкіх Калядаў (24, 25, 26 сьнежня), на Новы год (ад 31 сьнежня да 2 студзеня) і на праваслаўныя Каляды (ад 7 да 9 студзеня) будуць дзейнічаць тры пункты спрошчанага памежнага кантролю – Кемялішкі на Астравеччыне, якая мяжуе са Сьвянцянскім раёнам Літвы, і два – на Віцебшчыне: Біцюны і Крукі (мяжуюць з Ігналінскім і Сьвянцянскім раёнамі Літвы). Пяць дзён (24, 25 сьнежня 2004 г. і 1, 2, 9 студзеня 2005 г.) будзе працаваць пункт у Пятулявічах у Воранаўскім раёне, які мяжуе з Ракамі ў Варэнскім раёне Літвы. Таксама пяць дзён (24, 25, 26 сьнежня 2004 г. і 2, 9 студзеня 2005 г.) будзе дзейнічаць пункт у Піцкунах у Іўеўскім раёне, які мяжуе з Нарвелішкамі Салечніцкага раёну Літвы.

Праз гэтыя спрошчаныя пункты змогуць перасякаць мяжу толькі жыхары памежных раёнаў Беларусі й Літвы з адпаведнымі падарожнымі дакумэнтамі, калі яны не вязуць ніякіх тавараў, і толькі ў сьветлую пару – ад 10-й раніцы да 5-й гадзіны вечара.

Сёлета на Дзяды таксама часова працавалі пяць пунктаў спрошчанага памежнага кантролю, празь якія праехала каля 200 літоўскіх і 250 беларускіх грамадзянаў. Пункты ў Кемялішках, Піцкунах і Пятулявічах адкрытыя ізноў, а заместа пунктаў у Місканцах у Воранаўскім раёне і Грыга-Грагароўе на Ашмяншчыне адкрытыя іншыя два пункты на Віцебшчыне.

Зьмяншэньне колькасьці КПП на беларуска-літоўскай мяжы – балючая праблема беларуска-літоўскага памежжа. Ранейшыя афіцыйныя прапановы Літвы да Беларусі адносна бясплатных візаў у Літву для беларускіх грамадзянаў і адкрыцьця пастаянных дадатковых пунктаў памежнага кантролю дасюль застаюцца бяз адказу. Літоўскія ўлады распачалі гэтыя захады ў адказ на прозьбы памежных жыхароў. Беларусы зь літоўскіх памежных рэгіёнаў зьвярталіся з лістом і да Аляксандра Лукашэнкі, на які не атрымалі ніякага адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG